Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Лістапад 2021 12:01

Купалаўцы абмеркавалі пытанні павышэння якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах разам з іншымі ўдзельнікамі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі

08Чарговым этапам у рэалізацыі праекта Erasmus+ "Павышэнне якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах" (UniTeLE) стала сустрэча ў турэцкім Універсітэце Неўшэхір.

 

За час знаходжання ва Універсітэце Неўшэхір дэлегацыя беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі наведала Школу англійскай мовы, універсітэцкую бібліятэку, спартыўны комплекс, конную ферму, гарадскую сярэднюю школу, цэнтр дзіцячай творчасці. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі менеджэр праекта, загадчык сектара міжнароднай праектнай дзейнасці Алеся Бялко і эксперт праекта, загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга.

На працягу некалькіх дзён прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы і трох іншых беларускіх універсітэтаў знаёміліся з асаблівасцямі функцыянавання сістэмы адукацыі Турцыі, праграмамі падрыхтоўкі па педагагічных спецыяльнасцях у турэцкіх універсітэтах, прынцыпамі арганізацыі сістэмы менеджменту якасці ў маштабах краіны ў цэлым і на ўзроўні Універсітэта Неўшэхір. Таксама была закранута тэма трансфармацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах пандэміі COVID-19. Турэцкія калегі расказалі аб рабоце Цэнтра дыстанцыйнага навучання ва Універсітэце Неўшэхір. Яго магчымасці былі выкарыстаны для стварэння інфраструктуры дыстанцыйнага навучання, правядзення трэнінгаў для выкладчыкаў, тэхнічнай падтрымкі анлайн-заняткаў. Прадстаўнікам беларускіх універсітэтаў былі прадэманстраваны магчымасці турэцкай нацыянальнай адукацыйнай тэлевізійнай сеткі EBA TV, якая з сакавіка 2020 года трансліруе адукацыйны кантэнт для школьнікаў і студэнтаў. Свае метады анлайн-навучання прадставілі калегам з Беларусі выкладчыкі факультэта спартыўных навук і тэхналогій.