Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Лістапад 2021 10:05

Купалаўскі ўніверсітэт і Гродзенская праваслаўная епархія вызначылі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва на бягучы навучальны год (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

podpis eparНовую праграму супрацоўніцтва рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній падпісалі 29 кастрычніка.

Паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскай праваслаўнай епархіяй заключана і дзейнічае дагавор, змест якога штогод падмацоўваецца новай праграмай супрацоўніцтва. У дакуменце адлюстроўваюцца ўсе сумесныя мерапрыемствы на найбліжэйшы год.

– Супрацоўніцтва паміж Гродзенскай епархіяй і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы мае шматгадовую гісторыю. І сённяшняя падзея - гэта працяг тых добрых традыцый, якія былі закладзены многія гады таму, паглыбленне нашых узаемаадносін у сферы адукацыі і выхавання моладзі. Гэта прыярытэтны напрамак для дзейнасці царквы, бо наша работа накіравана на асвету і выхаванне паўнацэннай асобы, на тое, каб тыя духоўна-маральныя каштоўнасці, якія служылі арыенцірам для нашых папярэднікаў, заставаліся важнымі і для сучаснай моладзі, - адзначыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

Новы дакумент, які падпісалі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, прадугледжвае рэалізацыю сумесных праектаў у такіх напрамках, як правядзенне навукова-даследчай работы і інавацыйнай дзейнасці, а таксама арганізацыя мерапрыемстваў выхаваўчага і сацыяльнага характару.

- Гэта тая праграма, якая напоўнена рэальнымі справамі і рэальнымі мерапрыемствамі, - падкрэсліла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. – Варта адзначыць, што прадстаўнікі Гродзенскай епархіі з'яўляюцца членамі Каардынацыйнага савета  нашага ўніверсітэта. Сумесна мы на вельмі высокім узроўні штогод ладзім такое мерапрыемства, як Каложскія чытанні. Супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта выкладаюць у нядзельных школах і бяруць удзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца Гродзенскай епархіяй. У сваю чаргу святары актыўна працуюць з нашымі студэнтамі, валанцёрамі.

Сярод запланаваных на бягучы навучальны год мерапрыемстваў – сустрэча Архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія з супрацоўнікамі і студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы, арганізацыя і правядзенне розных тэматычных сустрэч і круглых сталоў, чытанне лекцый прафесарска-выкладчыцкага складу Купалаўскага ўніверсітэта ў парафіях Гродзенскай епархіі. Арганізацыя валанцёрскай дапамогі пры ўзвядзенні праваслаўных храмаў у Гродне, удзел валанцёраў у дабрачынных акцыях, а таксама шматлікія літаратурныя выставы, адукацыйныя лекцыі, выхаваўчыя гутаркі і духоўныя сустрэчы.

Акрамя таго, сёлета запланавана заснаванне Гродзенскай епархіяй стыпендыі імя Героя Беларусі, ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Прэміяй будуць узнагароджвацца студэнты, якія праявілі высокую навукова-даследчую і грамадскую цікавасць у супрацоўніцтве з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.