Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 12 Кастрычнік 2021 15:50

Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы заваявала бронзу на Рэспубліканскім турысцкім злёце

IMG 20210928 181243 983Усяго ў злёце прынялі ўдзел больш за 300 чалавек з 19 ВНУ краіны. З 26 па 28 верасня жыццё студэнтаў напоўнілася асаблівай рамантыкай, якая нагадала пра лета.  Акрамя прызавога месца купалаўцы прывезлі з сабой мора уражанняў і пазітыву, якія дададуць фарбаў працоўным будням.

Рэспубліканскі турысцкі злёт студэнтаў рэспубліканскай універсіяды - 2021 праходзіў у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці ў вёсцы Жорнаўка. Гэта падзея заўсёды чакана ў студэнцкім асяроддзі, бо многія чулі цудоўныя гісторыі ад бацькоў, якія ў свой час таксама бывалі на падобных мерапрыемствах. Да таго ж, злёт размясціўся ў неверагодна маляўнічым месцы - высокія хвоі і цікавыя ландшафты сталі выдатнай дэкарацыяй для спаборніцтваў.

Але рамантыка далёка не адзіны складнік турзлёту, бо ўсе каманды ехалі не толькі за эмоцыямі, але і перамогай. Праграма злёту ўключала спартыўную і конкурсную часткі. У першую ўвайшлі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, спаборніцтвы па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы пешаходнага, веласіпеднага турызму. Другая складалася з конкурсаў «Прадстаўленне каманд», «Спяем, сябры», турысцкіх газет «Будні злёту», «Турысцкія навыкі і побыт».

Як распавёў трэнер каманды Віталь Тарасаў, барацьба ішла неабыякая, але купалаўцы сабраліся і змаглі паказаць годны вынік.

- У нас не задалося са спартовым арыентаваннем, шчыра прызнаюся. А калі нешта ідзе наперакасяк, сабрацца потым вельмі цяжка. Але наша каманда, вырашыла зрабіць усё магчымае і ва ўсіх астатніх конкурсах праявіць сябе максімальна, - распавёў Віталь Тарасаў. - І мы занялі першае месца ў конкурснай праграме, другое ў спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы веласіпеднага турызму, трэцяе месца ў спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы пешаходнага турызму. Вядома, хацелася атрымаць "золата" ў заліковым выніку, але няма мяжы дасканаласці, і мы ў наступным годзе выкладземся па поўнай!

Дарэчы, у турзлёце прымалі ўдзел не толькі студэнты факультэта фізічнай культуры, але юрыдычнага факультэта, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта мастацтваў і дызайну, ваеннага факультэта. Яны ў асноўным удзельнічалі ў конкурсах, якія ў меншай ступені патрабуюць сур'ёзнай фізічнай падрыхтоўкі.

- Спартыўную частку прайсці не так проста. Трэба мець сапраўды выдатную фізічную падрыхтоўку. Маральная таксама патрэбна. Напрыклад, дзяўчынкі з факультэта мастацтваў і дызайну наогул да гэтага ніколі не былі ў паходзе, і жыццё ў палатках іх няшмат палохала. Але па выніку ім вельмі спадабалася. І наогул, я не памятаю, каб хтосьці пакідаў турзлёт без ўсмешкі на твары, - распавёў Віталь Тарасаў.

Ад усёй душы віншуем купалаўцаў з перамогай і жадаем далейшых спартыўных перамог!