Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 01 Кастрычнік 2021 16:19

У ГрДУ імя Янкі Купалы тысячны супрацоўнік вакцынаваны ад COVID-19

1000sotrЗа час прышчэпачнай кампаніі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўжо прышчэплена 58% работнікаў.

Больш за 80% прафесарска-выкладчыцкага складу ўжо атрымалі першы кампанент вакцыны, а таксама цалкам завяршылі цыкл вакцынацыі ўсе члены рэктарата ГрДУ імя Янкі Купалы.

Тысячным супрацоўнікам, які атрымаў прышчэпку ад каронавіруснай інфекцыі, стала Марыя Скерсь, вядучы спецыяліст аддзела аналітычнага, метадычнага і арганізацыйнага забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай работы УВРзМ.

- Я лічу, што кожны чалавек павінен паклапаціцца пра сваю бяспеку, пра сваё здароўе. Больш за тое, гаворка ідзе і пра бяспеку нашых родных і блізкіх, сяброў і калег. Хочацца быць упэўненым у заўтрашнім дні. Сёння мы назіраем рэзкі рост захворвання і асабіста для мяне цяпер вакцынацыя стала важным этапам абароны сябе і навакольных. Я не баюся пабочных эфектаў, не веру ў байкі і чуткі, якія «ходзяць» у народзе. І ўсім купалаўцам раю прыняць правільнае рашэнне. Беражыце сябе! - адзначыла Марыя Скерсь.

Сёння купалаўцам, якія прышчапляюцца на базе здраўпункта ўніверсітэта, а таксама ў карпусах і інтэрнатах, даступныя двухкампанентная вакцына «Спутник V» расійска-беларускай вытворчасці, кітайская двухкампанентная вакцына «Веро Селл» вытворчасці кампаніі «Синофарм» і аднакампанентны расійскі прэпарат «Спутник Лайт».

Нагадваем, з 4 кастрычніка пачынаецца вакцынацыя работнікаў універсітэта ад грыпу. Будуць даступныя 2 вакцыны: «Грипол +» (Расія) і «Ваксигрип Тетра» (Францыя). Прышчэпку можна зрабіць у любы будны дзень з 8.30 да 18.30 на базе здраўпункта ГрДУ імя Янкі Купалы па адрасе: вул. Гаспадарчая, 23, каб. 109.

Паводле алгарытму правядзення вакцынацыі, у першую чаргу ад грыпу варта прышчапіцца работнікам, якія завяршылі курс вакцынацыі ад COVID-19.