Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 28 Ліпень 2021 10:37

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

IMG 3426Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі вынікі дзейнасці Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» за апошнія пяць гадоў і вызначылі задачы на перспектыву.

У сценах Купалаўскага ўніверсітэта сабраліся каля 150 дэлегатаў - лідараў моладзевага руху з розных раёнаў вобласці. Гэта члены БРСМ з ліку навучэнскай, студэнцкай і працоўнай моладзі, прадстаўнікі розных сфер - сельскай гаспадаркі, адукацыі, медыцыны, культуры, а таксама маладыя работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і сілавых структур. З прывітальным словам да ўдзельнікаў справаздачна-выбарчай канферэнцыі звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

- Рада бачыць лідараў моладзевага руху рэгіёна ў сценах нашага ўніверсітэта. Перад намі, прадстаўнікамі дзяржаўнай установы адукацыі, як і перад Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, стаяць падобныя задачы, якія тычацца выхавання сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Мы павінны працаваць разам, каб аб'яднаць нашу моладзь. Давайце разам сваімі справамі пакажам, што гродзенская моладзь - лепшая. Нездарма сёлета Гродна атрымаў статус маладзёжнай сталіцы Беларусі, - падкрэсліла Ірына Кітурка. - Мы павінны памятаць, што нас ацэньваюць па нашых учынках, па тым, наколькі дзейсныя рэалізуюцца намі праекты. Зыходзячы з гэтага, хацелася б пажадаць вам і ўсім нам, каб як мага больш было новых крэатыўных ідэй і паспяховых праектаў.

З асноўным дакладам аб дзейнасці Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» за 2017 - 2021 гады выступіў першы сакратар абкама Андрэй Есін. Ён адзначыў, што моладзь - гэта найбольш дынамічная катэгорыя насельніцтва, якой у нашай краіне гарантаваная падтрымка з боку дзяржавы.

- У Беларусі створаныя ўсе ўмовы для таго, каб маладыя людзі маглі рэалізаваць сябе. Пры гэтым неабходна памятаць, што і дзяржаве для паспяховага развіцця неабходныя энергія і ініцыятыўнасць моладзі, - пачаў свой выступ Андрэй Есін. - Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі аб'ядноўвае больш за 43 тысяч ініцыятыўных і актыўных маладых людзей, якімі ўжо рэалізавана шмат паспяховых праектаў. Але, каб развівацца, прадстаўнікам моладзевага руху сёння неабходна шукаць новыя формы пры правядзенні мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, пры ажыццяўленні валанцёрскай дзейнасці, а таксама ўмацоўваць свае пазіцыі ў віртуальнай прасторы.

Першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» падкрэсліў неабходнасць прадоўжыць практыку правядзення дыскусійных пляцовак «Адкрыты дыялог» з перыядычнасцю не радзей за адзін раз на месяц. На думку Андрэя Есіна, сустрэчы моладзі з цікавымі, паспяховымі людзьмі даюць магутны імпульс для самаразвіцця. Акрамя таго, гэта аптымальная пляцоўка для абмену думкамі, абмеркавання розных пазіцый і поглядаў, якія існуюць у маладзёжным асяроддзі.

Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі асаблівасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў сучасных умовах, былі прапанаваны новыя праекты па выяўленні лідараў з ліку моладзі. Асаблівая ўвага была ўдзелена напаўняльнасці актуальным і пазітыўным кантэнтам старонак арганізацыі ў сацыяльных сетках і мэсэнджараў. У ходзе абмеркавання адзначылі таксама важнасць правядзення стартап-мерапрыемстваў для стымулявання ў маладых людзей дзелавой ініцыятывы. Прагучала таксама прапанова арганізаваць валанцёрскія форумы па абмене вопытам.

- Неабходна развіваць такі кірунак, як валанцёрская дзейнасць, - акцэнтаваў увагу першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Андрэй Есін. - Падчас пандэміі дапамога валанцёраў была вельмі запатрабаванай. Магчыма, варта задумацца над развіццём сітуацыйнага валанцёрства, якое прадугледжвае фарміраванне профільных валанцёрскіх атрадаў.

Удзельнікі канферэнцыі надалі ўвагу і некаторым аспектам часовага працаўладкавання студэнцкай моладзі, а таксама пагаварылі пра удзел моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні абрання Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», Гродзенскай абласной кантрольнай камісіі ГА «БРСМ» і абрання дэлегатаў на 44-ы з'езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У рамках справаздачна-выбарчай канферэнцыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася таксама дыскусійная пляцоўка «Пра месца і ролю БРСМ у грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі».