Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Ліпень 2021 14:08

Зрабілі свой правільны выбар! Першых абітурыентаў павіншавалі ў Купалаўскім універсітэце

IMG 1209У ГрДУ імя Янкі Купалы і па ўсёй краіне стартаваў прыём дакументаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы для атрымання вышэйшай адукацыі 1 ступені.

У новым навучальным годзе Купалаўскі ўніверсітэт плануе прыняць у шэрагі першакурснікаў 2300 чалавек - пра гэта распавяла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна павітала першых абітурыентаў і іх бацькоў і адзначыла, што кожны год першы дзень прыёму дакументаў ад будучых студэнтаў - хвалюючая падзея для ўсіх купалаўцаў.

- Тыя, хто прыходзяць да нас у першыя дні, - гэта тыя, хто з упэўненасцю абраў для атрымання адукацыі Купалаўскі ўніверсітэт. І мы вельмі хочам дапамагчы вам, рабяты, выявіць, раскрыць і рэалізаваць ваш патэнцыял у сценах універсітэта. Поспеху, у добры шлях!

Павіншаваў абітурыентаў у важны дзень і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, старшыня Гродзенскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2021 годзе Анатолій Дарожка.

- Мы падвялі вынікі першага этапу ўступнай кампаніі - правялі цэнтралізаванае тэсціраванне. Кожны абітурыент ужо абраў прыдатную яму спецыяльнасць і зможа ажыццявіць сваю мару ў адпаведнасці з тымі ведамі, якія ён паказаў на тэсціраванні. Цяпер мы пачынаем другі этап - прыём дакументаў. Упэўнены, усё пройдзе на самым высокім узроўні, дзякуючы створанай у нашай краіне сістэме прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы - празрыстай, адкрытай для ўсіх, дзе ўсё праходзіць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам.

Традыцыйна ў першы дзень падаваць дакументы ў прыёмную камісію ГрДУ імя Янкі Купалы прыходзяць тыя, хто атрымаў высокія балы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, скончыў школу з залатым цi сярэбраным медалём, а таксама пераможцы трэцяга этапа Рэспубліканскай алімпіяды па розных вучэбных прадметах. Першым абітурыентам універсітэт уручыў памятныя падарункі.

У ліку тых, хто сёння прыйшоў падаць дакументы для паступлення ў Купалаўскі ўніверсітэт - выпускнік падрыхтоўчага аддзялення факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які атрымаў 100 балаў на ЦТ па фізіцы, Анатолій Коўчык. Малады чалавек падае дакументы на спецыяльнасць «Штучны інтэлект» - яе ён лічыць перспектыўнай, а Купалаўскі ўніверсітэт - лепшым месцам для атрымання жаданай прафесіі.

- Выбраў спецыяльнасць з-за яе запатрабаванасці і маёй асабістай цікавасці да яе, - распавёў Анатолій. - Гэта нешта зусім новае, набор на спецыяльнасць адкрыты толькі другі год. Думаю, я маю выдатныя шанцы паступіць ва ўніверсітэт - у агульнай суме ў мяне 345 балаў.

Прыём дакументаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі будзе доўжыцца да 26 ліпеня ўключна, на платную форму - да 9 жніўня.