Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 29 Чэрвень 2021 09:14

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў універсітэцкі баль-2021

IMG 3046Сёлета Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы скончыла 2440 студэнтаў. Лепшыя з іх былі ўзнагароджаны лістамі падзякі і граматамі на штогадовым рэктарскім балі, які адбыўся 28 чэрвеня.

Сярод лепшых выпускнікоў-купалаўцаў – лаўрэаты прэмій за дасягненні ў галіне навукі, пераможцы творчых конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця ўніверсітэта і краіны, а таксама прызёры спартыўных спаборніцтваў. Павіншаваць выпускнікоў з паспяховым заканчэннем універсітэта прыйшлі іх бацькі, аднагрупнікі і сябры.

Мерапрыемства адкрыла рэктар Ірына Кітурка. Яна звярнулася да выпускнікоў са словамі падзякі і пажаданнямі:

–Дарагія купалаўцы, сённяшні дзень сапраўды асаблівы, таму што зараз на гэтай плошчы – у самым сэрцы нашага ўніверсітэта –  сабраліся лепшыя выпускнікі  ўсіх факультэтаў. Гляджу ў вашыя вочы і ўспамінаю ўсе мерапрыемствы з вашым удзелам. Я фактычна ведаю кожнага з вас і хачу сказаць вам: “Вялікі дзякуй!”. Дзякуй за тое, што гэтыя гады мы былі разам. Мы разам з вамі пісалі гіторыю нашага ўніверсітэта! Сёння мне хочацца пажадаць кожнаму з вас знайсці сваё пачэснае месца ў тых  калектывах, куды вы пойдзеце працаваць. Памятайце, што дзверы нашага ўніверсітэта заўсёды адчынены для вас!

Падчас цырымоніі Ірына Фёдараўна ўручыла выпускнікам лісты падзякі і акадэмічныя знакі аб заканчэнні ўніверсітэта.

Са словамі падзякі ад імя  ўсіх  выпускнікоў да прысутных звярнуўся  выпускнік юрыдычнага факультэта Данііл  Круцько, які адзначыў, што ўніверсітэцкія гады – самыя цудоўныя ў жыцці кожнага чалавека.

Афіцыйная частка мерапрыемства скончылася традыцыйным ускладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям у парку імя Жылібера, а таксама да бюста Янкі Купалы.