Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Чэрвень 2021 10:12

Апоўначы ў цэнтры Гродна купалаўцы прадставілі тэатралізаваную пастаноўку аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны

IMG 9613Памятныя акцыі, арганізаваныя Купалаўскім універсітэтам, прайшлі ў гарадскім парку імя Жылібера і на 1-й пагранічнай заставе Гродзенскай пагранічнай групы імя В. М. Усава.

 

У мерапрыемствах да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады горада і вобласці, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, ветэраны, а таксама кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

Акцыя "Памяць" пачалася роўна апоўначы ў парку імя Жылібера. У падрыхтоўцы і правядзенні акцыі было задзейнічана больш за 150 чалавек - гэта навучэнцы і выпускнікі Гуманітарнага каледжа, курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама запрошаныя калектывы горада, прафесійныя акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і тэатра лялек.

Гледачам прадставілі тэатралізаваную пастаноўку, у якой былі адноўлены тыя страшныя першыя хвіліны вайны, якая стала найвялікшай трагедыяй у гісторыі чалавецтва. Аднымі з першых прынялі на сябе ўдар воіны 1-й пагранічнай заставы Гродзенскай пагранічнай групы імя Героя Савецкага Саюза Віктара Міхайлавіча Усава. Усе неабыякавыя гараджане, якія прынялі ўдзел у акцыі, змаглі пабачыць на свае вочы, як ваявалі іх землякі ў далёкім 1941-м за права жыць і паміралі за мірную будучыню. Пранікнёныя харэаграфічныя і паэтычныя нумары, жывая музыка, якая гучала ў якасці суправаджэння тэматычных пастановак, - усё гэта нагадала гродзенцам пра трагічныя падзеі, якія здарыліся 80 гадоў таму.

Да ўсіх удзельнікаў мерапрыемства звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, асабліва падкрэсліўшы важнасць моманту:

- Сёння мы, стоячы пад мірным начным небам, успамінаем тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам права на жыццё. Вораг у гэтай вайне пралічыў усё - нават час нападу: у нядзелю ў 4 раніцы. Але, як ужо прагучала сёння, методык разліку мужнасці і патрыятызму ворагі не ведалі. І гэтыя мужнасць і патрыятызм дапамаглі савецкаму народу выстаяць і перамагчы.

Падзялілася сваімі ўражаннямі ад тэатралізаванай пастаноўкі, падрыхтаванай купалаўцамі, і прысутная на мерапрыемстве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Баранава:

- Мне сёння вельмі хацелася, каб здарыўся цуд, і тыя, хто не вярнуўся з вайны, змаглі б убачыць і адчуць, што памяць пра іх жывая. Прайшло ўжо 80 гадоў з таго моманту, як пачалася вайна, а душэўная боль не праходзіць, наш народ адчувае яе да гэтага часу. Хочацца падзякаваць моладзі за тое, што яны захоўваюць памяць пра тыя падзеі.

Ад вечнага агню Памяці вызваліцеляў Гродзеншчыны ў парку імя Жылібера была запалена лампада, як сімвал удзячнасці ўсім воінам, якія сталі на абарону нашай Радзімы. Затым яе даставілі на пагранічную заставу імя лейтэнанта Віктара Усава. А другой гадзіне ночы там адбыўся мітынг-рэквіем, удзельнікі якога ўспомнілі, як памежнікі пад камандаваннем лейтэнанта Віктара Усава 22 чэрвеня 1941 года прынялі свой першы і апошні ў жыцці бой.

- Роўна 80 гадоў таму нашы доблесныя пагранічнікі на гэтым самым месцы ўсталі на абарону Радзімы, яны аддавалі свае жыцці, пралівалі кроў у першыя хвіліны вайны. Гэта была вялікая трагедыя для цэлага савецкага народа. Але ўжо тут на гэтай заставе пачала кавацца Вялікая Перамога вялікага народа. Мы схіляемся перад іх подзвігам, перад іх гераізмам, перад тым, што яны зрабілі, каб адстаяць мір на нашай зямлі. Мы, нашчадкі герояў, абавязаны памятаць пра гэтую трагедыю і рабіць усё, каб яна не паўтарылася ніколі, - падкрэсліў, выступаючы падчас мітынгу на заставе, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Дарэчы, у гэтым годзе акцыю "Памяць" прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта правялі ў 10-ы раз. Усе імёны і гісторыі, на якіх была заснаваная тэатральная пастаноўка, - рэальныя. Матэрыялы прадастаўлены Сяргеем Аркадзевічам Піваварчыкам, доктарам гістарычных навук, загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сярод удзельнікаў акцыі былі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь камерны аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Борматава, Народны хор «Вяснянка» (кіраўнік Таццяна Дуброўская), лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, выпускнік Гуманітарнага каледжа Іван Вайтовіч, салісты Народнай эстраднай студыі «Millenium», танцавальныя калектывы Гуманітарнага каледжа і гарадской студыі танцаў «Dance spaсe studio».