Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Чэрвень 2021 16:19

ГрДУ імя Янкі Купалы ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь»

koprus letoПраект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рэалізуецца з 2021 па 2025 за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з'яўляецца адным з 18 устаноў вышэйшай адукацыі краіны, якія прымаюць удзел у праекце «Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь». Агульны аб'ём пазыкі, разлічанай на рэалізацыю праекта, складае 100 мільёнаў еўра. 90 адсоткаў усіх фінансавых сродкаў плануецца асвоіць на мадэрнізацыю вучэбна-адукацыйнага асяроддзя. Астатняя частка пазыкі будзе выкарыстана на ўкараненне інавацый у галіне выкладання і навучання, а таксама на забеспячэнне якасці вышэйшай адукацыі і кіраванне праектам.

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы Купалаўскага ўніверсітэта ў рамках пазыкі выдзелена 2 мільёны 350 тысяч еўра. Да 2023 у ГрДУ імя Янкі Купалы будуць створаны новыя навучальныя і навуковыя лабараторыі, у тым ліку навукова-даследчая лабараторыя інавацыйных будаўнічых матэрыялаў і энергаэфектыўных тэхналогій у будаўніцтве, вучэбна-даследчы цэнтр «Разумны дом», вучэбна-вытворчая лабараторыя «Інтэлектуальныя сістэмы і робататэхніка», лабараторны практыкум «Інтэлектуальная абарона» і межкафедральная вучэбна-вытворчая лабараторыя «Малекулярная генетыка і біятэхналогія». Новыя лабараторыі будуць аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і забяспечыць больш высокі ўзровень навукова-даследчай дзейнасці ва ўніверсітэце.

Усяго ў рамках праекта «Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь» у краіне плануецца стварыць і мадэрнізаваць 120 навучальных лабараторый, STEM цэнтраў, цэнтраў сумеснага выкарыстання ўнікальнага навучальнага і навукова-даследчага абсталявання устаноў вышэйшай адукацыі з мэтай падтрымкі практычных аспектаў навучання студэнтаў. Мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбна-адукацыйнага асяроддзя прадугледжвае таксама рамонт будынкаў і збудаванняў устаноў вышэйшай адукацыі, стварэнне безбар'ернага асяроддзя навучання, павышэнне ўзроўню энергаэфектыўнасці будынкаў і збудаванняў.