Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 16:59

У Купалаўскім універсітэце вызначаны лепшыя студэнцкія стартап-праекты (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 1243Фінал VI Адкрытага конкурсу студэнцкіх стартап-праектаў «ИнНаСтарт» адбыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Усяго на конкурс быў прадстаўлены 71 праект. Для адбору фіналістаў былі праведзены пітчынг, падчас якіх аўтары праектаў коратка распавялі пра свае ідэі. У выніку ў фінал прайшлі 11 праектаў.

У намінацыі «Бізнэс інавацыя» лепшым стаў праект «RC-Park», распрацаваны студэнтамі факультэта эканомікі і кіравання Ксеніяй Бетейко, Марыяй Бетейко і Мікалаем Мельнікам. Хлопцы прапанавалі ідэю стварэння парку, абсталяванага трасамі і радыёкіраванымі мадэлямі аўтамабіляў. Дыпломамі II ступені ў гэтай жа намінацыі ўзнагароджаны аўтары праектаў «Handmade-рэінкарнацыя аўтамабільных дэталяў» і «Марык». Студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Ілля Кужалевіч, Аляксандр Вырко і Віталь Сінкевіч прапанавалі сваю стартап-ідэю, якая тычыцца павышэння ўзроўню тэхнічнага і прафесійнага майстэрства навучэнцаў. А вось студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўген Занеўскі, Кацярына Ліцкевіч, Яна Прымак, Анастасія Хомбак і Аляксандр Гіржон ў сваім стартап-праекце прэзентавалі сістэму бескантактавай аплаты маршрутных таксі. На трэцім месцы ў намінацыі «Бізнэс інавацыя» апынуўся праект студэнткі факультэта псіхалогіі Марыі Лацэвіч «Тры сцяны». Ідэя аўтара праекта заключаецца ў стварэнні шматфункцыянальнай пляцоўкі для правядзення культурна-адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў.

У намінацыі «Сацыяльная ініцыятыва» лепшымі былі распрацоўшчыкі прыкладання «MyGRSU» - студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксандр Шульга і Максім Бачко, а таксама аўтары інтэрактыўнага стрымінгавга YouTube-праекта «ПОТОК» - студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мікіта Панцэвіч, Ксенія Салей, Ганна Карпінчык, Аляксандр Сідарчук, Ігар Пташыц, Аляксандра Ярашэвіч, Віялета Шаблінская, Аляксандра Ропейко, Дыяна Сцяпанава, Тагір Мамедаў, Ганна Браўсевіч, Анастасія Субаткоўская. Дыпломам прызёра конкурсу «ИнНаСтарт» быў узнагароджаны студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўген Занеўскі за праект, які тычыцца стварэння сістэмы захоўвання асабістых рэчаў ва ўніверсітэце «СтудBox». Студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму таксама апынуліся ў ліку прызёраў у намінацыі «Сацыяльная ініцыятыва»: журы адзначылі іх праект «PROF1», звязаны з развіццём цьютарства.

У намінацыі «Футурыстычная ідэя» былі адзначаны праекты, заснаваныя на дасягненнях у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук, для рэалізацыі якіх пакуль яшчэ не склаліся неабходныя ўмовы, але ў будучыні яны могуць знайсці прыкладное прымяненне. У ліку такіх праектаў апынуўся праект «CLO TECH», аўтары якога - студэнткі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Дар'я Зубава, Юлія Каранёўская, Кацярына Сігаева і Вераніка Краснік - прапанавалі ідэю канструявання і друку адзення па 3D мадэлі чалавека, выкарыстоўваючы спецыяльную тканіну, якая счытвае параметры фігуры. Іншая група студэнтаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі, у склад якой увайшлі Кірыл Лысяк, Марта Турэвіч, Мацвей Горбаў, Аляксей Весялоў і Аляксей Царук, прапанавалі, у сваю чаргу, яшчэ адну цікавую футурыстычную ідэю - прыладу, якая замяняе смартфон «Разумнае люстэрка JSMIR».

Адкрыты конкурс студэнцкіх стартап-праектаў «ИнНаСтарт» праводзіцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы штогод. Яго мэта - актывізацыя праектнай і прадпрымальніцкай ініцыятывы моладзі, забеспячэнне экспертнай і арганізацыйнай падтрымкі стартап-праектаў, сацыяльных праектаў і перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў.