Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 25 Май 2021 09:18

Пытанні павышэння якасці адукацыі былі ўзняты падчас чарговай сустрэчы рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы з працоўным калектывам універсітэта

IMG 8233Ірына Кітурка ў рамках серыі сустрэч з прафесарска-выкладчыцкім складам Купалаўскага ўніверсітэта 24 мая запрасіла да адкрытага дыялогу супрацоўнікаў інжынерна-будаўнічага факультэта.

Рэктар адразу ж адзначыла, што разлічвае на шчыры дыялог і заўсёды рада атрымаць зваротную сувязь.

- Я запрасіла ўвесь прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта, каб мы маглі пачуць адзін аднаго і абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні, - падкрэсліла Ірына Кітурка. - У інжынерна-будаўнічага факультэта ёсць шмат кропак росту. І, перш за ўсё, хачу падзякаваць вам за працу і разам з тым звярнуць увагу на тое, што няма мяжы дасканаласці. Мы разам павінны прыкладаць максімум намаганняў для павышэння якасці адукацыі.

Удзельнікі дыялогу пагаварылі аб змене падыходаў да навучання студэнтаў у сістэме вышэйшай адукацыі. Ірына Кітурка адзначыла, што да новага навучальнага года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы плануецца распрацаваць і прыняць Канцэпцыю студэнтацэнтрыраванай адукацыі.

- Наша галоўная задача - дапамагчы студэнтам, якія навучаюцца ў нашым універсітэце, дамагчыся значных вынікаў. Мы павінны прапанаваць студэнтам больш магчымасцяў, павінны гарантаваць якасную адукацыю, - сказала рэктар Ірына Кітурка. - І я заўсёды звяртаю ўвагу на тое, што галоўная канкурэнтная перавага ўніверсітэта - гэта дасягненні яго выпускнікоў. А ў нас ёсць выдатныя выпускнікі. Трэба больш і на розных платформах казаць пра гэта.

Падчас сустрэчы ўспомнілі і аб паспяховым выступе студэнткі інжынерна-будаўнічага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Валерыі Мікялевіч у складзе беларускай зборнай на I Міжнародным будаўнічым чэмпіянаце ў Сочы. Удзельнікі адкрытага дыялогу пагаварылі таксама пра тое, як актывізаваць навукова-даследчую дзейнасць на факультэце, абмеркавалі магчымасць больш актыўнага прыцягнення выкладчыкаў з іншых універсітэтаў Беларусі для чытання лекцый студэнтам у онлайн-рэжыме. Акрамя таго, рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка звярнула ўвагу на важнасць выканання супрацоўнікамі працоўнай дысцыпліны, распавяла, што ў рамках праграмы «Лічбавы ўніверсітэт» у мэтах бяспекі будынка ўніверсітэта паступова будуць абсталяваны самай сучаснай прапускной сістэмай, распавяла пра новаўвядзенні пры налічэнні зарплаты, якія чакаюць работнікаў бюджэтнай сферы гэтым летам.

На заканчэнне сустрэчы Ірына Кітурка падкрэсліла, што заўсёды адкрыта для зносін, і пажадала працоўнаму калектыву інжынерна-будаўнічага факультэта здароўя, добрага настрою і пазітыўнай купалаўскай эмоцыі, якая дапамагае дасягаць высокіх вынікаў.