Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 21 Май 2021 08:42

Адбылася сустрэча рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка з супрацоўнікамі педагагічнага факультэта

IMG 7129Дыялог 20 мая адбыўся ў рамках серыі сустрэч рэктара з прафесарска-выкладчыцкім складам факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Стартавала сустрэча з падзякі рэктара Ірыны Кітурка ў адрас дэкана педагагічнага факультэта Святланы Кострыцы за шматгадовую плённую працу на карысць факультэта і ўсяго ўніверсітэта, за прафесіяналізм і неабыякавасць да справы, а ў якасці ўдзячнасці ад усіх купалаўцаў рэктар уручыла Святлане Якаўлеўне кветкі і памятныя падарункі.

Выказала падзяку Ірына Фёдараўна і ўсяму працоўнаму калектыву педагагічнага факультэта за арганізацыю цеснай камунікацыі з іншымі факультэтамі, падрыхтоўку мерапрыемстваў і запрашэнне на іх ўсіх студэнтаў універсітэта. Таксама яна адзначыла, што педагогі, як ніхто, укладваюць у сваю працу душу і часцінку сябе.

- Педагог не можа па-іншаму, таму што выкладанне становіцца сапраўды справай жыцця, - падкрэсліла Ірына Кітурка.

Падчас дыялогу з калегамі рэктар Купалаўскага ўніверсітэта падзялілася з калегамі падрабязнасцямі па будучых змяненнях у налічэнні заработнай планы з 1 ліпеня гэтага года, патлумачыла, як будзе размяркоўвацца прэміяльны фонд і фармавацца выплаты па розных катэгорыях надбавак. Пагаварылі таксама і аб захаванні супрацоўнікамі працоўнай дысцыпліны, асаблівасцях карпаратыўнай культуры купалаўцаў, нюансах ў рэалізацыі прапускнога рэжыму ў корпусе на Захарава.

У ходзе сустрэчы члены прафесарска-выкладчыцкага складу педагагічнага факультэта закраналі пытанні арганізацыі навучальнага працэсу з замежнымі студэнтамі. Хвалявала удзельнікаў сустрэчы таксама пытанне захаванасці дарагога абсталявання ў іх корпусе. Агучылі яны і праблему: яна тычыцца замены мэблі ў вучэбна-метадычным кабінеце факультэта, дзе арганізуецца канферэнц-сувязь. Ірына Кітурка паабяцала калегам, што новая мэбля абавязкова там з'явіцца.

Сустрэчы рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы з працоўнымі калектывамі факультэтаў працягнуцца 24 мая дыялогам з супрацоўнікамі інжынерна-будаўнічага факультэта.