Надрукаваць гэтую старонку
Субота, 15 Май 2021 11:38

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы Іван і Караліна Пугач - у ліку прызёраў III Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам»

photo 2021 05 15 15 44 54Студэнцкая сям'я Купалаўскага ўніверсітэта заняла ганаровае трэцяе месца па выніках конкурсу, які праходзіў у Магілёве.

У фінале рэспубліканскага конкурсу прымаюць удзел дзевяць сямейных пар, пры гэтым восем студэнцкіх сем'яў прадстаўляюць установы вышэйшай адукацыі Беларусі і адна пара - Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогій і кіравання імя К. Г. Разумоўскага. 

Усе сем'і паспяхова справіліся з творчымі выпрабаваннямі, а таксама шматлікімі конкурсамі, накіраванымі на тое, каб вызначыць самую згуртаваную і знаходлівую студэнцкую сям'ю. Пары прадэманстравалі сваё ўменне планаваць сямейны бюджэт, здзівілі журы кулінарнымі здольнасцямі, спаборнічаючы ў падрыхтоўцы святочнай вячэры, кожная пара ў найбольш выгодным святле змагла паказаць свае таленты гасцінных і ўмелых гаспадароў.

Спаборніцтвы доўжыліся тры дні. 15 мая, у Міжнародны дзень сям'і, былі падведзены вынікі конкурсу. У выніку сярод прызёраў апынулася студэнцкая сям'я Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сям'я студэнтаў 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Іван і Караліна Пугач, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)», заняла ганаровае трэцяе месца. Віншуем нашых прызёраў і жадаем іх дружнай і згуртаванай сям'і новых перамог у будучыні!