Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 14 Май 2021 11:59

Студэнты і навучэнцы каледжаў распавялі са сцэны Купалаўскага ўніверсітэта пра герояў і падзеі Вялікай Айчыннай вайны

20210513 IMG 5924У ГрДУ імя Янкі Купалы свае творчыя нумары прадставілі ўдзельнікі тэатралізаванага конкурсу ваенна-патрыятычных песень і вершаў «Вялікай Перамозе прысвячаецца ...».

Студэнты і навучэнцы прадставілі на конкурс вакальныя і паэтычныя нумары, а таксама тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Нумары ацэньваліся па такіх крытэрах, як адпаведнасць тэматыцы конкурсу, узровень выканаўчага майстэрства, складанасць рэпертуару, артыстычнасць і сцэнічная культура, а таксама сцэнічны касцюм. Журы вызначыла пераможцаў у некалькіх намінацыях.

У намінацыі "Эстрадны вакал" сярод індывідуальных выканаўцаў лепшым быў прызнаны нумар прадстаўніка Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Івана Вайтовіча. На другім месцы апынулася студэнтка юрыдычнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Карына Маляўская, а на трэцім - навучэнка Гуманітарнага каледжа Ульяна Амельчанка. Сярод ансамбляў у намінацыі «Эстрадны вакал» перамог самадзейны калектыў фізіка-тэхнічнага факультэта, у склад якога ўвайшлі студэнты Анастасія Бобніс, Дыяна Аплевіч і Іван Лапа. Другое месца заняў ансамбль Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. І ў намінацыі «Сцэнічнае слова» перамогу атрымала студэнтка Купалаўскага ўніверсітэта Віялета Шаблінская. Другое месца журы прысудзіла вучню Гуманітарнага каледжа Захару Лукашык. Трэцяе месца заняў тэатральны гурток юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

Пераможцы і прызёры конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Як паабяцалі арганізатары, у якасці дадатковага заахвочвання для ўсіх удзельнікаў конкурсу будзе арганізавана экскурсія па месцах баявой славы нашай краіны.

Тэатралізаваны конкурс ваенна-патрыятычных песень і вершаў «Вялікай перамозе прысвячаецца...» быў арганізаваны і праведзены аддзелам падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з Цэнтрам студэнцкіх ініцыятыў, Каардынацыйным студэнцкім саветам і студэнцкім самакіраваннем факультэтаў, першаснай арганізацыяй ГА «БРСМ» і прафсаюзным камітэтам студэнтаў.