Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 12 Май 2021 10:01

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ўшаноўваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў рамках акцыі «Жывем! Помнім! Ганарымся!»

petrigoСтудэнты, магістранты і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта творча павіншавалі з надыходзячым святам Надзею Пятрыга, якая падчас вайны ўдзельнічала ў падпольным і партызанскім руху.

 

Акцыя праводзіцца па ініцыятыве першаснай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы ГА «Беларускі саюз жанчын». Як адзначыла старшыня першаснай арганізацыі, дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, галоўная мэта праекта - захаванне ваенна-гістарычнай спадчыны нашай краіны, развіццё і ўмацаванне культурных сувязяў паміж пакаленнямі.

- Наша галоўная задача як педагогаў, як прадстаўнікоў «Беларускага саюза жанчын» - патрыятычнае выхаванне моладзі праз сувязь пакаленняў, праз тыя лепшыя традыцыі, якія сёння сфарміраваны ў нашай краіне, - падкрэсліла Марына Карпіцкая.

Удзельнікі акцыі падрыхтавалі творчае віншаванне для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Пятрыга. Студэнты спявалі песні ваенных гадоў і чыталі вершы. Надзея Ульянаўна таксама распавяла верш пра вайну беларускага паэта Адама Русака «Лясная песня».

Дарэчы, у мінулым годзе купалаўцы павіншавалі Надзею Пятрыга са стогадовым юбілеем і тады ж паабяцалі дапамагчы з рамонтам фасада яе дома. Дадзенае слова прадстаўнікі ўніверсітэта стрымалі, і нядаўна работы былі завершаны. Рамонтныя работы праводзіліся пры падтрымцы ГА «Беларускі саюз жанчын», а таксама Гродзенскага абласнога Савета ветэранаў. Пафарбаваць дом дапамаглі работнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.