Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 24 Лістапад 2015 12:17

Студэнты-спартсмены ГрДУ імя Янкі Купалы ў складзе нацыянальных зборных сталі прызёрамі міжнароднага турніру па грэка-рымскай барацьбе памяці алімпійскага чэмпіёна Алега Караваева

12511 3У Мінску 20 лістапада 2015 года завяршыўся XXII Міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці алімпійскага чэмпіёна Алега Караваева, у якім прынялі ўдзел спартсмены з Беларусі, Казахстана, Украіны і Літвы.

Па традыцыі нашу краіну на турніры прадстаўлялі дзве зборныя: у каманду «Беларусь-1» ўвайшлі вопытныя і тытулаваныя змагары, у каманду «Беларусь-2» - таленавітыя і перспектыўныя маладыя спартсмены, якія прабіваюць сабе месца ў асноўным складзе.

Каманда «Беларусь-2», якую таксама прадстаўлялі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Саслан Даураў (вагавая катэгорыя да 59 кг), Яраслаў Кардаш (вагавая катэгорыя да 66 кг) і Павел Лях (вагавая катэгорыя да 71 кг), выйшла ў фінал, дзе сустрэлася з камандай Расіі. Матчавая сустрэча завяршылася ўнічыю - 4:4. Па выніках спаборніцтваў выйграла турнір расійская каманда, набраўшы дадатковыя ачкі.

Бронзавым прызёрам турніру памяці Алега Караваева стала зборная «Беларусь-1», якая ў матчавай сустрэчы за трэцяе месца аказалася мацнейшай за супернікаў з Узбекістана (лік 5:3). У склад каманды ўвайшоў студэнт нашай ВНУ Максім Пашкоў (вагавая катэгорыя да 96 кг).

Прыз за лепшую тэхніку на турніры арганізатары аднагалосна прысудзілі студэнту факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы Саслану Даурову.

 

Даведкака

Алег Караваеў - першы беларускі змагар, алімпійскі чэмпіён XVII Алімпіяды ў Рыме (Італія) 1960 года ў вагавой катэгорыі 57 кг. У паслужным спісе Алега Караваева два тытула чэмпіёна свету, перамогі на спартакіядзе народаў СССР і сямі чэмпіянатах СССР у асабістых і камандных спаборніцтвах. На працягу 7 гадоў, з 1971 па 1978 год, ён працаваў трэнерам добраахвотнага спартыўнага таварыства (ДСТ) «Буравеснік» у Мінску.