Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Красавік 2021 09:22

«Партнёрскія адносіны паміж студэнтам і ўніверсітэтам - аснова сучаснага адукацыйнага працэсу»: Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка сустрэўся са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 20210402 224621 587Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу і была арганізавана за чаяваннем ў новым інтэрнаце Купалаўскага ўніверсітэта па вуліцы Дубко.

Наведванне ГрДУ імя Янкі Купалы - адзін з этапаў рабочай паездкі Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі ў Гродзенскую вобласць. Напярэдадні Ігар Карпенка пабываў у навучальных установах Ваўкавыскага і Зэльвенскага раёнаў. Візіт у Купалаўскі ўніверсітэт пачаўся з наведвання аб'ектаў новага студэнцкага інтэрната па вуліцы Дубко. Ігар Карпенка яшчэ раз пазнаёміўся з інфраструктурай прылеглых тэрыторый, пабываў на спартыўных пляцоўках, у трэнажорных залах і пакоях для пражывання. Затым студэнты запрасілі госця на чаяванне, дзе пытанні Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь мог задаць кожны жадаючы.

Удзел у дыялогу прынялі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прадстаўнікі студэнцкага самакіравання ўніверсітэта, старшыні студэнцкіх саветаў інтэрнатаў Купалаўскага ВНУ, а таксама замежныя студэнты розных факультэтаў. Сярод гасцей сустрэчы - начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык.

У пачатку сустрэчы Ігар Карпенка падзяліўся ўражаннямі ад наведвання інтэрната. Нагадаем, што праект быў рэалізаваны пасля візіту у 2018 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

- Я рады, што ў студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы з'явілася новы інтэрнат. Хачу адзначыць, што аспектах студэнцкага побыту кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь сёння надаецца вялікая ўвага. Будаўніцтва студэнцкіх інтэрнатаў будзе працягнута, - распавёў Ігар Карпенка.

У цэнтры ўвагі ў час гутаркі былі пытанні студэнцкага самакіравання і арганізацыі быту студэнтаў у інтэрнатах.

- Студэнцкае самакіраванне - гэта адна з важных і эфектыўных формаў уключэння кожнага студэнта ў адукацыйны працэс. Студэнт павінен быць актыўным суб'ектам адукацыйнага працэсу і, на ўзроўні з універсітэтам, яго раўнапраўным арганізатарам. Кожны студэнт павінен і мае права не толькі вучыцца, атрымліваць адукацыю, але і ўдзельнічаць ва ўсіх аспектах жыцця ВНУ: у складанні адукацыйных праграм, кіраванні навучальнай установай і пр. Толькі ў атмасферы ўзаемаразумення, дыялогу, партнёрскіх адносінаў можна пабудаваць эфектыўны адукацыйны працэс, - падкрэсліў Ігар Карпенка. Акрамя таго, Міністр адукацыі адзначыў, што студэнцка-вучнёўскае кіраванне стане адным з цэнтральных паняццяў у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, які цяпер знаходзіцца на абмеркаванні ў Парламенце.

У сваю чаргу рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка нагадала, што ў Купалаўскім універсітэце створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны студэнт змог рэалізаваць сябе ва ўсіх напрамках, а таксама стаць раўнапраўным партнёрам у фарміраванні аспектаў адукацыйнага працэсу і ўдзельнікам жыцці навучальнай установы:

- У нашым універсітэце створаны свой уласны Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, Фонд інавацыйнага развіцця, Студыя праектаў і стартапов, працуюць Каардынацыйныя саветы з заказчыкамі кадраў, а ў мінулым годзе студэнты сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі распрацоўкі Стратэгіі апераджальнага развіцця ўніверсітэта на 2021-2025 гады. Мы імкнемся адкрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага нашага студэнта і стварыць для гэтага максімум магчымасцяў, - падкрэсліла Ірына Кітурка.

Акрамя пытанняў студэнцкага самакіравання удзельнікі сустрэчы абмеркавалі аспекты дыстанцыйнага навучання, фарміравання спецыяльных адукацыйных праграм па дысцыплінах, ідэю арганізацыі Рэспубліканскага моладзевага лагера ў рамках праекта «Гродна - Моладзевая сталіца Рэспублікі Беларусь».

У канцы сустрэчы студэнты падзякавалі Ігару Карпенка за магчымасць пражываць у камфартабельным інтэрнаце, запрасілі прыняць удзел у фінале Рэспубліканскага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!», які ўжо стаў візітнай карткай Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама ўручылі памятныя сувеніры.

Візіт Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працягне сустрэча з выкладчыкамі, якая адбудзецца 3 красавіка.