Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 31 Сакавік 2021 15:12

Прысвяціў Alma Mater усё жыццё: у ГрДУ імя Янкі Купалы адзначылі юбілей прафесара Аляксея Пяткевіча

IMG 1546Круглы стол, прысвечаны 90-гадоваму юбілею прафесара Аляксея Пяткевіча, зладзілі ў Купалаўскім універсітэце 31 сакавіка.

Цёплая сустрэча аб’яднала за круглым сталом усіх, хто хацеў павіншаваць вядучага навуковага супрацоўніка аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння навуковай і інавацыйнай дзейнасці, прафесара Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча.

Завітала на свята рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. З хваляваннем яна падкрэсліла, што такой падзеі ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта яшчэ не было: 90 гадоў святкуе паважаны выкладчык, 64 з якіх – амаль усё жыццё – ён прысвяціў працы ва ўніверсітэце.

– Гэта сапраўды адданасць, – адзначыла Ірына Фёдараўна. – Адданасць справе, якой прысвяцілі жыццё, і роднай зямлі, на якой Вы нарадзіліся. Дазвольце шчыра падзякаваць Вам за Вашу плённую працу, за Ваш асабісты прыклад і мудрасць, прафесіяналізм і любоў да ўніверсітэта!

Ірына Кітурка павішавала юбіляра каштоўным падарункам і ад імя ўніверсітэта ўзнагародзіла Ганаровай граматай ГрДУ імя Янкі Купалы.

Святочнае пасяджэнне закранула асноўныя вехі жыцця, творчасці і дзейнасці Аляксея Пяткевіча. Сярод прысутных за круглым сталом былі блізкія, вучні, калегі па працы, асветніцкай, літаратуразнаўчай і культурнай дзейнасці прафесара.

Успамінамі дзяцінства падзялілася дачка Аляксея Пяткевіча – мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. Менавіта прыклад бацькі натхніў яе паступаць на філалагічны факультэт, а потым і стаць выкладчыкам. Асаблівы гонар прафесара Пяткевіча – унук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксей Загідулін, які сёння таксама працягвае педагагічную дынастыю.

У словах кожнага выступоўцы круглага стала гучала адмысловая гісторыя знаёмства з прафесарам, успаміны пра сумесную працу і творчасць, шчырая падзяка за каштоўныя парады і асабісты прыклад – вучонага, педагога і сапраўднага мужчыны. Вучні і калегі адзначалі, што юбіляр захаваў дзівосную працаздольнасць і востры розум, дзякуючы любові да людзей, узаемадзеянню з імі, паслядоўнасці ў перакананнях, думках і поглядах. Таксама падкрэслілі, што некалькі дзесяцігоддзяў мелі і маюць побач сапраўдны прыклад стаўлення да справы і роднага беларускага слова.

Мноствам шчырых слоў і розных кветак суправаджалася юбілейнае мерапрыемства, а скончылася агульным пажаданнем прысутных: абавязкова сустрэцца з урачыстай нагоды зноў.