Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 19 Сакавік 2021 11:09

Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка сустрэлася з будучымі педагогамі

IMG 20210318 210907 103Сустрэча рэктара ўніверсітэта са студэнтамі педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася 18 сакавіка.

У пачатку дыялогу Ірына Кітурка адзначыла важнасць будучай прафесіі рабят. Яна падкрэсліла, што місія кожнага педагога сугучная з місіяй Купалаўскага ўніверсітэта.

- У сценах універсітэта наша галоўная задача - выявіць, раскрыць і рэалізаваць ваш патэнцыял - у вучобе, навуцы, творчасці. Зусім хутка вам трэба будзе рабіць тое ж самае з вашымі будучымі вучнямі. А яшчэ - адчуць іх шчырую падзяку за вашу працу, бо настаўнік, асабліва першы, застаецца ў памяці назаўсёды.

На працягу адкрытага дыялогу гучалі самыя розныя пытанні: яны тычыліся падтрымкі ўніверсітэтам сацыяльных праектаў педагагічнага факультэта, размеркавання пасля заканчэння I і II ступеней атрымання вышэйшай адукацыі, адкрыцця новых спецыяльнасцяў магістратуры, планаў універсітэта па пашырэнні спартыўнай базы.

У ходзе сустрэчы студэнты таксама падзяліліся з рэктарам, што на сваім факультэце яны плануюць правесці канцэрт, куды хочуць запрасіць купалаўцаў з іншых факультэтаў. Ірына Кітурка падтрымала ідэю і падкрэсліла важнасць адкрытых сяброўскіх зносін паміж сабой прадстаўнікоў усіх факультэтаў, для якіх вопыт узаемадзеяння педагагічнага і ваеннага факультэтаў можа служыць прыкладам.

Студэнты выпускнога курсу скарысталіся магчымасцю асабістай сустрэчы з рэктарам і задалі адзін з хвалюючых іх пытанняў: ці змогуць яны пасля заканчэння ўніверсітэта маючым адбыцца летам папрацаваць у прыёмнай камісіі. Рабяты расказалі, што ўжо мелі такі досвед і хацелі б яго паўтарыць, але не ведаюць, ці магчыма гэта пасля атрымання дыплома. Яны адзначылі, што для іх - гэта магчымасць падоўжыць час у сценах Alma Mater і менавіта так правесці свае летнія каніккулы перад пачаткам прафесійнай дзейнасці.

- Мне прыемна чуць ад вас тое, як вы любіце ўніверсітэт і хочаце тут застацца ці затрымацца яшчэ на нейкі час, - адзначыла Ірына Фёдараўна, - Калі ёсць жаданне папрацаваць летам у прыёмнай камісіі, то мы разгледзім вашу просьбу і будзем шчыра рады бачыць вас у студэнцкім сэрвісным атрадзе.

На заканчэнне сустрэчы рэктар падзякавала купалаўцам за цікавы дыялог і пытанні, пажадала вясновага настрою, новых навучальных, навуковых і творчых перамог і дасягненняў.