Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 15 Сакавік 2021 10:55

Традыцыі і навацыі медыякамунікацый абмеркавалі студэнты і маладыя даследчыкі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

mediakomIII Рэспубліканская навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў «Медыякамунікацыі ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі» прайшла ў Купалаўскім універсітэце 12 сакавіка.

Удзельнікамі канферэнцыя ў фармаце онлайн сталі больш за 60 маладых даследчыкаў з Беларусі: студэнты, магістранты, аспіранты, суіскальнікі, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі апынуліся трансфармацыйныя працэсы, якія адбываюцца ў беларускай медыяпрасторы. Так, на секцыі «Мова і стыль медыякамунікацый» разглядаліся пытанні функцыянавання мовы ў сучасных умовах інтэрнэт-камунікацый. У рамках секцыі «Маркетынгавыя камунікацыі» маладыя даследчыкі абмеркавалі актуальныя пытанні інтэрнэт-прасоўвання, у ліку якіх адзначалася неабходнасць устанаўлення зваротнай сувязі з інтэрнэт-аўдыторыяй, важнасць стварэння і размяшчэння карыстальніцкага кантэнту, выкарыстанне магчымасцяў вэб-аналітыкі. Пра вобраз музычнага радыёжурналіста і асаблівасці аўтарскай радыёпраграмы, пра спецыфіку камунікацыі брэнда з мэтавай аўдыторыяй і тыпах кантэнту ў Instagram-акаўнтах, аб адметнасці жанру «рэпартаж» у сацыяльнай сетцы Twitter гаварылі на секцыі «Традыцыйныя СМІ і новыя медыя».

Самыя юныя даследчыкі медыяпрасторы - навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі - прадставілі свае даклады на секцыі «Медыяпрастора Беларусі вачыма пакалення Z». Разглядаліся пытанні ўспрымання сучасных медыя новым пакаленнем, асаблівасці функцыянавання беларускіх традыцыйных і новых медыя. Дакладчыкі казалі аб неабходнасці стварэння медыяцэнтраў як структур, якія паляпшаюць імідж адукацыйных устаноў і забяспечваюць раннюю прафарыентацыю навучэнцаў, абмяркоўвалі праблемы цыфравізацыі грамадства і ўплыву інтэрнэту на жыццё жыхароў малых гарадоў Беларусі.

Па выніках канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які пройдзе дэпаніраванне ў БелІСА.