Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Сакавік 2021 09:50

У ГрДУ імя Янкі Купалы стартавалі вясновыя сустрэчы рэктара са студэнтамі

IMG 5343Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка правяла сустрэчу са студэнтамі філалагічнага факультэта.

Сустрэчы рэктара са студэнтамі, якія ўжо паспелі стаць традыцыйнымі ў Купалаўскім універсітэце, стартавалі ў 2021 годзе ў першы дзень вясны - 1 сакавіка. Удзельнікамі адкрытага дыялогу з рэктарам сталі будучыя філолагі.

У пачатку сустрэчы Ірына Кітурка адзначыла, што за паўгода, якія прайшлі з моманту апошніх падобных сустрэч, ва ўніверсітэце адбылося шмат прыемных падзей, і агульная «скарбонка» купалаўцаў папоўнілася новымі дасягненнямі і перамогамі ў розных сферах. Таксама Ірына Фёдараўна падзякавала будучым філолагам за ўклад у стварэнне Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на бліжэйшыя пяць гадоў і нагадала, што ў гэтым годзе Гродна стаў рэспубліканскай моладзевай сталіцай - 2021. Яна падкрэсліла, што як для горада, так і для ўніверсітэта, прымаць мерапрыемствы на працягу года вялікая адказнасць:

- Вельмі хочацца, каб усе падзеі на працягу года ў рамках абвешчанай моладзевай сталіцы, прыносілі вам пачуццё задавальнення. Накіроўвайце свае сілы і энергію на стварэнне, - падкрэсліла рэктар і запрасіла студэнтаў да адкрытага дыялогу.

У рамках сустрэчы ад студэнтаў гучалі самыя розныя пытанні і прапановы. Так, цікавіла рабят, ці магчымая распрацоўка мабільнай версіі сайта «Адукацыйны партал» для таго, каб зручна было ім карыстацца з мабільнага тэлефона.

- Калі ў вас, рабяты, ёсць пажаданні для паляпшэння работы адукацыйнага парталу - чаго не хапае, што хацелася б там бачыць, як універсітэт можа ўдасканаліць гэтую платформу - не саромейцеся, калі ласка, прапануйце. А мы са свайго боку прапрацуем гэтае пытанне больш дэталёва.

Адна з тэм у ходзе сустрэчы тычылася магчымасці акадэмічнага абмену студэнтамі паміж універсітэтамі ўнутры краіны. Рабяты адзначылі, што ім было б цікава на нейкі невялікі прамежак часу апынуцца ў сценах іншага ўніверсітэта, знутры зірнуць на адукацыйны працэс, каб параўнаць магчымасці для вучобы, навукі, грамадскай дзейнасці.

У рамках адкрытага дыялогу студэнты таксама пыталіся меркаванне Ірыны Кітурка датычна паступлення і навучання дзяўчат на ваеннай кафедры Купалаўскага ўніверсітэта. Узнімалася таксама пытанне забеспячэння бяспекі асабістых дадзеных купалаўцаў у лічбавым асяроддзі, казалі і аб дапамозе першакурснікам у адаптацыі ў сценах ГрДУ імя Янкі Купалы. Сярод ідэй, якімі студэнты падзяліліся з рэктарам - наведваць з невялікімі візітамі іншыя факультэты: каб, спасцігаючы тонкасці сваёй прафесіі, рабяты маглі даведацца і ўбачыць, чым жывуць, як вучацца і праводзяць час купалаўцы розных спецыяльнасці і факультэтаў сваёй вялікай Alma Mater.

У завяршэнні сустрэчы студэнты падзякавалі рэктару за душэўную гутарку і адкрыты дыялог на роўных, адзначыўшы, што не адчувалі скаванасці, задаючы пытанні. Ірына Фёдараўна таксама выказала рабятам словы шчырай падзякі за мінулую сустрэчу і ўклад у развіццё Alma Mater, за тое, што дзякуючы студэнтам, Купалаўскі ўніверсітэт з кожным днём становіцца лепш.