Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 26 Люты 2021 10:57

Пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды-2020 узнагародзілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

photo 2021 02 25 19 02 01

Каманда Купалаўскага ўніверсітэта атрымала перамогу па выніках фінальных спаборніцтваў сярод супернікаў у першай групе.

 

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы пры ўдзеле спартсменаў і ганаровых гасцей. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, вітаючы пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды, адзначыў сімвалічнасць бягучага года, які ў Беларусі абвешчаны Годам народнага адзінства. Ён падкрэсліў, што будучыя спартыўныя спаборніцтвы і ўдзел у іх беларускіх спартсменаў абавязкова прадэманструюць яднанне пакаленняў:

- Установы вышэйшай адукацыі ў Беларусі паспяхова дапамагаюць выхоўваць таленты для прафесійнага спорту. Дзякуючы гэтаму нашы спартсмены ў далейшым заваёўваюць медалі вышэйшай пробы на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Таксама ў мінулым годзе была створана Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. Упэўнены, гэта дазволіць забяспечыць пераемнасць ад школьнага спорту да студэнцкай, а затым і да спорту высокіх дасягненняў.

Наведалі мерапрыемства і ўручылі ўзнагароды спартсменам таксама памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Зміцер Варанюк. Яны ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды-2020 у 4 групах.

Па выніках агульнакаманднага першынства сярод устаноў вышэйшай адукацыі першай групы першае месца заняла каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта заваявалі першае месца ў грэка-рымскай барацьбе, а таксама атрымалі перамогу ў спаборніцтвах сярод жанчын у баскетболе 3х3. Другое месца па выніках фінальных гульняў - у жаночых каманд у такіх відах спорту, як гандбол і баскетбол, і прызавое трэцяе месца па выніках спаборніцтваў сярод жанчын - у валейбалістак і футбалістак нашага ўніверсітэта. Агульны выніковы бал Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў табліцы вынікаў Рэспубліканскай універсіяды-2020  - 989,55.

Рэспубліканская ўніверсіяда для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі праводзілася па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.