Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 11 Люты 2021 14:51

У ГрДУ імя Янкі Купалы пройдзе алімпіяда па гісторыі «Гісторыка-культурная спадчына заходняга рэгіёну Беларусі»

korpus zimaДа ўдзелу запрашаюцца навучэнцы 10 - 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама навучэнцы выпускных курсаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Алімпіяда пройдзе ў два этапы: першы, дыстанцыйны, адбудзецца 27 лютага, а другі пройдзе вочна 27 сакавіка 2021 года. У другім этапе прымуць удзел 20 чалавек, якія набралі найбольшую колькасць балаў па выніках выпрабаванняў першага этапу. Алімпіяда праводзіцца па тэставым і творчым заданнях, складзеных кафедрай гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін і кафедрай усеагульнай і славянскай гісторыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.

Для ўдзелу ў першым, дыстанцыйным, этапе алімпіяды неабходна запоўніць рэгістрацыйную Google-форму, пасля чаго ўдзельніку згодна з планам правядзення алімпіяды будзе выслана  спасылка на заданні. Другі этап алімпіяды прадугледжвае выкананне і вочную абарону ўдзельнікамі творчага задання. Вынікі кожнага з этапаў алімпіяды будуць апублікаваныя на сайце факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Усе арганізацыйныя пытанні можна адрасаваць па нумарах тэлефонаў: (0152) 62 68 14 і (0152) 73 03 92.

Алімпіяда праводзіцца з мэтай выяўлення творчых здольнасцяў навучэнцаў, а таксама развіцця цікавасці да гісторыі і даследчай дзейнасці. Сярод асноўных задач, якія ставяць перад сабой арганізатары, - актуалізацыя ведаў вучняў пра гісторыю аб'ектаў культурнай спадчыны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, выяўленне і заахвочванне навучэнцаў, зацікаўленых у засваенні прафесіі гісторыка, а таксама знаёмства патэнцыйных абітурыентаў з умовамі навучання і адукацыйнай базай ГрДУ імя Янкі Купалы .