Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 25 Студзень 2021 15:58

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза высока ацаніў падрыхтоўку магістраў у Купалаўскім універсітэце

0117Лепшых выпускнікоў магістратуры ГрДУ імя Янкі Купалы Вадзім Лакіза запрасіў працягнуць сваю навуковую дзейнасць пры аспірантуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Вадзім Лакіза наведаў Купалаўскі ўніверсітэт і ўзначаліў Дзяржаўную экзаменацыйную камісію падчас абароны магістарскіх работ студэнтаў завочнай формы атрымання другой ступені вышэйшай адукацыі спецыяльнасці «Усеагульная гісторыя». Абарона праходзіла на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.

- Для некаторых гэта толькі першы крок у навуку, - адзначыў Вадзім Лакіза. - Спадзяюся, што многія з вас будуць працягваць сваю працу ў навукова-даследчых установах і ўніверсітэтах. Хацелася б, каб і да нас у аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паступіла як мага больш выпускнікоў Купалаўскага ўніверсітэта.

Вадзім Лакіза распавёў выпускнікам магістратуры аб новай дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў, да рэалізацыі якой прыступаюць у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, - «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы». Як адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі, у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі розных устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, у тым ліку і навукоўцы Купалаўскага ўніверсітэта.

Дарэчы, Вадзім Лакіза з'яўляецца выпускніком гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У ліку яго выкладчыкаў і калегаў-гісторыкаў - купалаўцы Міхась Ткачоў, Андрэй Мяцельскі, Іван Крэнь, Аляксандр Нечухрын, Сяргей Піваварчык, Ірына Кітурка, Віктар Белазаровіч і многія іншыя прадстаўнікі гродзенскай гістарычнай навукі.