Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Студзень 2021 16:55

Каля 40 тысяч рублёў з пазабюджэтных сродкаў ГрДУ імя Янкі Купалы выдзелена на падтрымку 226 адораных і таленавітых студэнтаў універсітэта

korpus zimaСтудэнты Купалаўскага ўніверсітэта дзякуючы Фонду падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі пабывалі ў краінах блізкага і далёкага замежжа і прынялі ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах і спаборніцтвах.

Падтрымка адораных і таленавітых студэнтаў у ГрДУ імя Янкі Купалы - адзін з прыярытэтных напрамкаў адукацыйнага працэсу. Створаны ўніверсітэцкі банк даных адораных студэнтаў і заснаваны Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі за кошт пазабюджэтных сродкаў універсітэта. Фонд сфарміраваны ў мэтах фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для выяўлення, развіцця, рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў, якія ўваходзяць у банк даных адоранай і таленавітай моладзі Купалаўскага ўніверсітэта. Сродкі Фонду выкарыстоўваюцца на ўдзел у персанальных конкурсах студэнтаў-даследчыкаў, удзел студэнтаў у міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, чэмпіянатах і спартыўных мерапрыемствах, удзел у конкурсах студэнцкіх стартап-праектаў.

Амаль за тры гады існавання Фонду падтрымкі адораных і таленавітых студэнтаў была аказана фінансавая падтрымка на суму каля 40 тысяч рублёў. У прыватнасці, дзякуючы такой падтрымцы студэнты юрыдычнага факультэта у 2019 годзе прынялі ўдзел у Міжнародных раўндах конкурсу імя Ф. Джэсапа па міжнародным праве ў Вашынгтоне. А студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ў гэтым жа годзе пабывалі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу і вярнуліся з дыпломамі прызёраў студэнцкіх конкурсаў. Так, студэнты Максім Сухадольскі, Ганна Васюковіч, Валерыя Самусева занялі 2 месца і атрымалі спецыяльны прыз Міжнароднага конкурсу студэнцкіх камунікацыйных праектаў «Мас-Медыя Перспектыва», які праходзіў у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. З дыпломам 3-й ступені вярнуліся з Масквы студэнткі Ангеліна Лаўрыновіч, Ульяна Анціпкіна, Дар'я Мінькевіч, якія прымалі ўдзел ва Усерасійскім студэнцкім фестывалі сацыяльных праектаў «МедыяКлас - 2019».

За кошт сродкаў Фонду падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі студэнты Купалаўскага ўніверсітэта рэгулярна прымаюць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных форумах, конкурсах і фестывалях, якія праводзяцца ў Мінску і іншых гарадах Беларусі. Да прыкладу, студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі, а таксама факультэта эканомікі і кіравання Арсень Коласаў, Віктар Адынец, Дзяніс Петрашын, Эдуард Вільчэўскі, Уладзілен Лакцевіч, Мікалай Ігнаценка у 2019 годзе сталі ўдзельнікамі адкрытай алімпіяды па праграмаванні БДУ і заваявалі дыпломы 2-й ступені. Варта адзначыць, што студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі і факультэта эканомікі і кіравання пры фінансавай падтрымцы ўніверсітэта штогод праходзяць падрыхтоўку і ўдзельнічаюць у этапах каманднага чэмпіянату свету па праграмаванні сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Балтыі.

Пры фінансавай падтрымцы Фонду у 2018 годзе ўдзел у розных конкурсах прымалі прадстаўнікі факультэта мастацтваў і дызайну: Ксенія Плескайціс па выніках III этапу Рэспубліканскай алімпіяды па мастацтве заваявала 1 месца ў намінацыі "Выяўленчая творчасць". Паліна Аслоўская ўдзельнічала ў III Міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў «AccoPremium-2019». За кошт сродкаў Фонду па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі у 2019 годзе студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ўдзельнічалі ва II Беларускай Рэспубліканскай студэнцкай алімпіядзе па кітайскай мове. У выніку студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Анастасія Цывінская атрымала спецыяльную прэмію пасла КНР.

За кошт сродкаў Фонду таксама рэгулярна аказваецца фінансавая падтрымка лепшым спартсменам Купалаўскага ўніверсітэта, якія паказваюць высокія вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.