Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Студзень 2021 15:17

Купалаўцы здзейснілі мары амаль тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак у перыяд навагодніх святаў

IMG 0555У ГрДУ імя Янкі Купалы падвялі вынікі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіла з 4 снежня 2020 года па 10 студзеня 2021 года. Студэнты разам з выкладчыкамі на факультэтах і ў інтэрнатах Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы правялі шматлікія лакальныя акцыі, майстар-класы, кірмашы і іншыя дабрачынныя мерапрыемствы. У выніку была аказана спонсарская і іншыя віды дапамогі ў памеры больш за 10 тысяч рублёў выхаванцам устаноў горада Гродна і Гродзенскай вобласці.

Асаблівая ўвага была ўдзелена сем'ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем'яў, дзецям-інвалідам. Так, напярэдадні Новага года і Каляд купалаўцы традыцыйна наведалі Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, каб парадаваць навагоднімі падарункамі яго выхаванцаў. Кожны год рабяты пішуць Дзеду Марозу лісты са сваімі запаветнымі жаданнямі, а прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта здзяйсняюць іх мары. У гэтым годзе выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната прасілі навагодняга чараўніка прынесці пад елку прыгожыя цацкі, музычныя калонкі, навушнікі, канструктары, цёплыя шкарпэткі, наборы сродкаў для асабістай гігіены і многае іншае. У выніку, 98 навагодніх падарункаў трапілі да сваіх адрасатаў. Разам з падарункамі рабяты атрымалі навагодняе відэавіншаванне ад рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка і студэнтаў. Была аказана і спонсарская дапамога ў памеры 2000 беларускіх рублёў.

Цацкі, адзенне, сродкі гігіены, канцылярскія тавары і прысмакі былі перададзеныя выхаванцам і падапечным Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Дзённага цэнтра Чырвонага Крыжа для дзяцей з інваліднасцю г. Гродна, Гродзенскага дзіцячага хоспіса, Ваўкавыскага дзіцячага дома, дапаможнай школы №1 абласнога цэнтра, Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Гродна, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу сям'і Жук і сям'і Кароль, а таксама іншых сацыяльных устаноў.

Ваенным факультэтам універсітэта аказана спонсарская дапамога ў памеры 1680 рублёў на лячэнне Мацвея Пальчыка. Студэнты педагагічнага факультэта арганізавалі майстар-клас «Навагодняя паштоўка» і сабралі сродкі для выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната. Прадстаўнікі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання набылі расходныя матэрыялы на суму 300 беларускіх рублёў для Гродзенскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі.

Навагодняя акцыя «Нашы дзеці» з'яўляецца традыцыйнай і праводзіцца ў рэспубліцы ўжо больш за 20 гадоў. Акцыя накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям і сем'ям, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. На працягу многіх гадоў дабрачынную ініцыятыву падтрымліваюць таксама і прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.