Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 23 Снежань 2020 14:50

Зімовая экзаменацыйная сесія ў Купалаўскім універсітэце праходзіць з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі

photo 2020 12 23 12 29 39У ГрДУ імя Янкі Купалы вызначаны парадак арганізацыі бягучай і выніковай атэстацыі студэнтаў дзённай і завочнай формаў атрымання вышэйшай адукацыі ў будучую зімовую экзаменацыйную сесію.

 

Экзамены студэнты здаюць пераважна ў пісьмовай форме. Праходзяць яны ў аўдыторыях, дзе колькасць пасадачных месцаў перавышае колькасць студэнтаў у групе не менш, чым у два разы. У выпадку неабходнасці правядзення іспыту ў вуснай форме, група будзе падзелена на падгрупы ў складзе да 7 чалавек. Пасля кожнага экзамену праводзіцца санітарная апрацоўка аўдыторыі. Кансультацыі перад экзаменамі праходзяць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Для студэнтаў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, прадугледжана магчымасць здачы экзаменаў у індывідуальным парадку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Экзамен з выкарыстаннем ІКТ праводзіцца ў вуснай форме з абавязковай візуалізацыяй падрыхтоўкі і адказу студэнта.

Студэнты, якія сканчаюць навучанне ва ўніверсітэце ў студзені 2021, будуць здаваць дзяржаўныя экзамены вочна. Пры гэтым калі выніковая атэстацыя прадугледжвае толькі абарону дыпломнага праекта або магістарскай дысертацыі, то яна можа прайсці з выкарыстаннем ІКТ з абавязковай візуалізацыяй і відэазапісам.

Пры правядзенні лабараторна-экзаменацыйнай сесіі для студэнтаў завочнай формы атрымання вышэйшай адукацыі ў студзені - лютым 2021 года тэарэтычнае навучанне, мерапрыемствы прамежкавага кантролю будуць арганізаваны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці з боку студэнтаў. Лабараторныя заняткі і бягучая атэстацыя будуць праводзіцца на апошнім тыдні сесіі вочна у аўдыторыях універсітэта.