Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 17 Снежань 2020 12:51

ГрДУ імя Янкі Купалы заваяваў тытул першага чэмпіёна Рэспубліканскай універсіяды па баскетболе 3х3

BBF 16 12 20Пераможца і прызёры першай Рэспубліканскай універсіяды па баскетболе 3х3 сярод жаночых каманд вызначыліся ў Мінску 16 снежня.

Спачатку за права выхаду ў фінал нашай камандзе давялося пазмагацца з камандай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтай нялёгкай барацьбе ўсё вырашылася літаральна ў апошнія 20 секунд гульні. Эфектны праход Кацярыны Карпук паставіў кропку ў дадзеным супрацьстаянні, забяспечыўшы камандзе ГрДУ імя Янкі Купалы месца ў фінале - гульня завяршылася з лікам 14:12.

У фінале камандзе купалаўцаў трэба было згуляць з камандай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Перамогу і тытул першага чэмпіёна Рэспубліканскай універсіяды па баскетболе 3х3 заваявала наша каманда з лікам 21:16. Самым карысным гульцом турніру (MVP) была прызнана Кацярына Карпук.

- Рада, што нам удалося перамагчы ў кампаніі такіх годных супернікаў, - адзначыла галоўны трэнер каманды ГрДУ імя Янкі Купалы Валянціна Навойчык. - Мінімум 5 каманд паказалі вельмі добрую і канкурэнтную гульню. Таму стаць лепшымі ў такой кампаніі асабліва ганарова для нас. Таксама хацелася б падзякаваць арганізатарам за такі высокі ўзровень правядзення студэнцкіх спаборніцтваў.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларуская федэрацыя баскетбола, Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.