Адкрываючы навуковы семінар, дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі азначыў даўняе плённае супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у рэалізацыі сумесных навуковых праектаў і арганізацыі міжнародных канферэнцый.
- Добрая практыка склалася і ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ў рамках мэтавай аспірантуры. Так, за апошнія некалькі гадоў шэрагі факультэта папоўнілі два маладых кандыдата біялагічных навук, - падкрэсліў Аляксандр Карэўскі.
Дэкан біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Дзямідчык агучыў, у сваю чаргу, сумесныя навуковыя планы на бліжэйшую пяцігодку. Ён выказаў упэўненасць, што у факультэтаў двух універсітэтаў атрымаецца паспяхова рэалізаваць буйны навуковы праект у рамках дзяржаўнай праграмы «Прыродныя рэсурсы і навакольнае асяроддзе».
- Мы гатовыя актыўна супрацоўнічаць з матываванымі студэнтамі з прыцягненнем іх да навучальнага працэсу біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, а таксама да навучання ў аспірантуры па запатрабаваных у навуковай супольнасці спецыяльнасцях вышэйшай навуковай кваліфікацыі «Фізіялогія раслін», «Генетыка», «Малекулярная біялогія» і іншым, - адзначыў Вадзім Дзямідчык.
Абмяняцца вопытам у арганізацыі вучэбна-метадычнай работы, а таксама абмеркаваць планаванне сумесных навукова-даследчых работ прадстаўнікі двух універсітэтаў могуць падчас правядзення навуковага семінара ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Удзельнікі прадставяць больш за 20 дакладаў па праблемах экалагічнай фізіялогіі і метадам выкладання экалагічных і фізіялагічных дысцыплін, уключаючы курсы «Фізіялогія раслін», «Мінеральнае харчаванне», «Рост і развіццё раслін», «Свабоднарадыкальная біялогія». У рамках навуковага семінара пройдзе таксама круглы стол на тэму «Механізмы рэгуляцыі і новыя падыходы да кіравання прадуктыўнасцю і агульнай устойлівасцю раслін у зменлівых экалагічных умовах». Семінар «Экалагічная фізіялогія раслін», які праходзіць на базе факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта, завершыцца 17 снежня.