Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 11 Снежань 2020 16:20

Купалаўскі ўніверсітэт запрашае будучых абітурыентаў на прафарыентацыйныя інтэнсівы

abit intensivДні адчыненых дзвярэй, мітапы, майстар-класы, інтэграваныя заняткі і школы будучых спецыялістаў будуць праходзіць як у вочным, так і ў дыстанцыйным фармаце.

Удзельнікі прафарыентацыйных мерапрыемстваў змогуць атрымаць усю патрэбную інфармацыю аб факультэтах і спецыяльнасцях, па якіх праходзіць навучанне ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Юрыдычны факультэт з 12 па 16 снежня запрашае прыняць удзел у алімпіядзе «Інавацыйна-прававое мысленне абітурыентаў 21 стагоддзя». Алімпіяда пройдзе ў онлайн-фармаце. Філалагічны факультэт рэалізуе праект «Школа беларускага філолага», навучанне праводзіцца бясплатна. Факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму падчас зімовых, вясновых і летніх вакацый арганізуе традыцыйную школу медыяпісьменнасці «МедыяГід». Таксама на працягу ўсяго навучальнага года прадстаўнікамі факультэта праводзяцца школы юнага сацыёлага, юнага гісторыка, юнага турыста, працуе студыя юнага журналіста «МедыяSTARt», арганізуюцца прафарыентацыйныя мітапы і онлайн-камунікацыі, мэта якіх - дапамагчы будучым абітурыентам вызначыцца з выбарам прафесіі.

У студзені ў Купалаўскім універсітэце стартуюць майстар-класы для абітурыентаў па гісторыі і археалогіі з экскурсіямі па горадзе Гродна. У лютым алімпіяду «Адчыняю свет педагагічных прафесій» правядуць на педагагічным факультэце. Акрамя таго, запланавана правядзенне «Фестывалю педагагічных класаў», а таксама Дзён навукі і творчасці ў онлайн-фармаце. У красавіку будучага года адбудзецца ХІ Міжнародная навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя навучэнцаў, студэнтаў, выкладчыкаў, маладых навукоўцаў «Альтэрнант - 2021».

Інжынерна-будаўнічы факультэт ужо ў гэтым месяцы запрашае будучых абітурыентаў прыняць удзел у інтэрактыўных відэазанятках, падчас якіх яны змогуць пазнаёміцца з асновамі будучай прафесіі. А фізіка-тэхнічны факультэт рыхтуецца да правядзення ў другім семестры навучальнага года Фестывалю навукі і тэхналогій «DigiPhys 4.0», а таксама навукова-практычнай канферэнцыі «Фізіка вакол нас».

Шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў у фармаце дзён адчыненых дзвярэй і інтэлектуальных гульняў вясной будучага года правядуць усе факультэты ГрДУ імя Янкі Купалы. За анонсамі прафарыентацыйных інтэнсіву сочыце на сайце ўніверсітэта, а таксама на сайце факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.