Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 10 Снежань 2020 17:49

Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта сталі лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

96Урачыстае ўручэнне прэміі Гродзенскага аблвыканкама прадстаўнікам таленавітай і адоранай моладзі адбылося 10 снежня.

 

Запрашэнне на цырымонію атрымалі лепшыя студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і школьнікі, якія вызначыліся ў вучобе, спорце або творчасці, усяго 39 чалавек. Павіншавалі рабят і ўручылі ўзнагароды намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, а таксама жонка Аляксандра Дубко Эма Нікіфараўна.

Традыцыйна ў спісах узнагароджаных ёсць і прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко сталі трое студэнтаў-купалаўцаў: студэнт 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Цімур Банцееў, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Вольга Гайко і студэнтка 4 курса факультэта фізічнай культуры Ганна Лабанава.

Будучы гісторык Цімур Банцееў з'яўляецца прызёрам XXVI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў 2019 і III Міжнароднага конкурсу навуковых работ PTScience 2019, а таксама аўтарам навуковых прац, вынікі якіх укаранёны ў дзейнасць Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў. Цімур Банцееў удзельнічае ў дзейнасці ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж», з'яўляецца членам студэнцкага самакіравання факультэта гісторыі камунікацыі і турызму і старшынёй Навуковага студэнцкага таварыства факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.

Вольга Гайко навучаецца па спецыяльнасці «Правазнаўства», актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадскім жыцці ўніверсітэта, з'яўляецца членам савета студэнцкага самакіравання юрыдычнага факультэта, студэнцкага сэрвіснага атрада ўніверсітэта, добраахвотнай студэнцкай дружыны юрыдычнага факультэта, студэнцкага мастацкага савета ўніверсітэта. Вольга займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, прымае ўдзел у выхаваўчых і грамадска-значных мерапрыемствах, займаецца навукова-даследчай дзейнасцю.

Студэнтка Ганна Лабанава ўдастоена прэміі імя А.І. Дубко за дасягненні ў галіне спорту і актыўную валанцёрскую дзейнасць падчас спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Ганна Лабанава з'яўляецца бронзавым прызёрам Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па міні-футболе 2018 года, неаднаразовым прызёрам Рэспубліканскай універсіяды па футболе, футзале і міні-футболе, валанцёрам Чэмпіянату Еўропы па спартыўным арыентаванні сярод юнакоў, лёгкаатлетычных спаборніцтваў на кросавай дыстанцыі памяці Уладзіміра і Іванны Храмавых, спаборніцтваў Кубка Гродзенскай вобласці па спартыўным арыентаванні «Магнітная стрэлка».

Прэмія Гродзенскага аблвыканкама адораным навучэнцам была заснаваная ў 1998 годзе. З 2001 года прэмія носіць імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко - старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта з 1994 па 2001 гады, Героя Беларусі.