Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 09 Снежань 2020 14:40

Супрацоўнікі і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»

nashidetiНавагоднія і калядныя мерапрыемствы, тэматычныя выставы і дабрачынныя акцыі правядуць прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта.

Марафон святочных мерапрыемстваў будзе доўжыцца да 10 студзеня. Асаблівая ўвага будзе нададзена сем'ям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам дзіцячых спецыялізаваных устаноў і школ-інтэрнатаў, а таксама дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем'яў.

Па ініцыятыве Савета валанцёраў на факультэтах ГрДУ імя Янкі Купалы праводзяцца дабрачынныя мерапрыемствы, удзельнікі якіх дапамагаюць фарміраваць навагоднія падарункі для выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Сабраныя падарункі будуць перададзены кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі і студэнтамі і ўручаны выхаванцам падчас навагодняга свята, якое адбудзецца ў Васiлiшкаўскiм доме-інтэрнаце 29 снежня.

Супрацоўнікі і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта ўжо цяпер праводзяць шэраг дабрачынных акцый і святочных мерапрыемстваў. Так, аднымі з першых прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання арганізавалі акцыю «Разам з Дзедам Марозам». У бліжэйшы час для выхаванцаў Дзённага цэнтра для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі Чырвонага крыжа г. Гродна сваё дабрачыннае свята правядуць валанцёры факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.

Прадстаўнікі педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы ладзяць дабрачынную акцыю «Ліст Дзеда Мароза», у рамках якой запланаваны збор і перадача падарункаў выхаванцам Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Гродна. Таксама валанцёры педагагічнага факультэта правядуць майстар-клас па стварэнні навагодніх паштовак. У сваю чаргу, філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта сумесна з Гродзенскай абласной бібліятэкай імя Я. Карскага абвясціў пра старт навагодняй акцыі «Падары кнігу дзецям». Кнігі будуць перададзеныя выхаванцам сацыяльных устаноў горада Гродна.

Дабрачынныя акцыі ў бліжэйшы час правядуць таксама супрацоўнікі і студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, інжынерна-будаўнічага факультэта, факультэта мастацтваў і дызайну, факультэта біялогіі і экалогіі, а таксама прадстаўнікі пярвічных арганізацый прафкама ўніверсітэта, першаснай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і грамадскага аб'яднання «Белая Русь».