Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Лістапад 2020 12:01

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прымуць удзел у Міжнародным семінары па праграміраванні «Moscow International Workshop»

icpcМерапрыемства пройдзе ў фармаце дыстанцыйнага навучання з 28 лістапада па 5 снежня.

Удзел у Міжнародным семінары па праграміраванні «Moscow International Workshop» прымуць дзве каманды студэнтаў, якія прадставяць Купалаўскі ўніверсітэт у паўфінале студэнцкага каманднага чэмпіянату свету ICPC - International Collegiate Programming Contest.

У склад кожнай з дзвюх каманд уваходзяць па тры чалавекі. У першай камандзе - студэнт 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Дзяніс Петрашын і студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мікалай Ігнаценка, а таксама магістрант факультэта эканомікі і кіравання Віктар Адынец. У другой камандзе прадстаўлены студэнты 2-га і 3-га курсаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Хомбак і Юрый Сарасек, а таксама Уладзілен Лакцевіч, студэнт 2 курса факультэта эканомікі і кіравання. Абедзве каманды трэніруюцца пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм факультэта эканомікі і кіравання Купалаўскага ўніверсітэта Юрыя Сцёпіна.

Міжнародныя зборы дапамогуць студэнтам падрыхтавацца да чарговага этапу студэнцкага чэмпіянату свету па спартыўным праграміраванні ICPC. Навучанне праводзіцца на англійскай мове. У праграму ўваходзіць рашэнне кантэстаў, разбор задач з трэнерамі і лекцыі ад былых удзельнікаў і пераможцаў ICPC.