Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 18 Лістапад 2020 09:52

Навуковыя ідэі і метадычныя распрацоўкі выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы прадстаўлены ў новым нумары электроннага навукова-метадычнага часопіса «Універсітэт адукацыйных інавацый»

jornal 1Аўтарамі навукова-метадычных артыкулаў і распрацовак навучальных заняткаў у новым нумары часопіса за 2020 год сталі 9 выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта.

Адкрывае нумар артыкул дацэнта кафедры міжнароднага права Андрэя Багустава, у якой абагульняецца вопыт удзелу каманды юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы ў студэнцкім конкурсе па міжнародным камерцыйным арбітражы. У артыкуле аўтар кажа пра тое, што падрыхтоўка юрыдычных кадраў павінна ажыццяўляцца ў актыўным практыка-арыентаваным асяроддзі, і звяртае ўвагу на тое, як важна ствараць умовы для сістэматычнага ўдзелу студэнцкіх каманд у конкурсных мерапрыемствах. У прыватнасці, у Купалаўскім універсітэце этапы падрыхтоўкі да конкурсаў уключаны ў навучальны працэс, выпрацаваны дзейсныя механізмы прызнання дасягненняў студэнтаў.

З чытачамі часопіса «Універсітэт адукацыйных інавацый» сваімі напрацоўкамі падзялілася і дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Марына Салтыкова-Ваўковіч. У артыкуле, прысвечаным методыцы выкарыстання карт памяці, або візуальных схем, у выкладанні розных дысцыплін на педагагічным факультэце, аўтар прыводзіць аналіз арганізацыі вучэбнай працы з выкарыстаннем карт памяці, прапануе канкрэтныя рэкамендацыі па іх распрацоўцы і прымяненню.

У артыкуле дацэнта кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Ірыны Прасвірнінай падрабязна разгледжаны ключавыя аспекты выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у выкладанні ўніверсітэцкіх дысцыплін падчас аддаленага навучання. Аўтар апісвае вынікі вучэбна-метадычнага эксперыменту, падчас якога студэнты самастойна вывучылі магчымасці элементаў курсаў «Семінар» і «Вікі» на Адукацыйным партале ГрДУ імя Янкі Купалы.

Этапы праектавання эўрыстычных заданняў у працэсе навучання замежным мовам апісалі старэйшыя выкладчыкі кафедры англійскай мовы прыродазнаўчых факультэтаў БДУ Галіна Пусянкова і Ірына Шарэйка. Яны прыводзяць прыклады адкрытых заданняў, распрацаваных з улікам заканамернасцяў і прынцыпаў эўрыстычнай дыдактыкі і накіраваных на актывізацыю інтэлектуальна-творчых здольнасцяў сучасных студэнтаў.

Пра тое, што сучасная лекцыя ўжо не можа быць простым маналогам выкладчыка, кажа ў сваім артыкуле дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Аксана Гаўрылік. Аўтар адзначае, што сёння кожная лекцыя выкладчыка павінна спрыяць развіццю інавацыйнага мыслення студэнтаў, фарміраваць у іх навыкі самастойнай даследчай працы, матываваць на пошук адказаў на пытанні, якія маюць практычную значнасць.

Парадак падрыхтоўкі і правядзення дзелавой гульні з выкарыстаннем інтэрактыўнага кейс-метаду прадставіла на старонках часопіса дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу Ірэна Кірвель. Новы падыход у працы са студэнтамі-юрыстамі заснаваны на мадэляванні сітуацый, у якіх спецыяліст-медыятар дапамагае ўрэгуляваць прававыя канфлікты бакоў.

Выкладчык кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Вольга Паўлюціна і старшы выкладчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Святлана Чувак прапанавалі чытачам часопіса сумесную распрацоўку міждысцыплінарнага занятку па тэме «BELARUSVIZAFREE» з выкарыстаннем творчых заданняў рознага тыпу. Аўтары звярнулі ўвагу на тое, што інтэграцыя дысцыплін «Уводзіны ў турызм» і «Практычная фанетыка» дазволіла інтэнсіфікаваць практычны занятак, пашырыць яго інфарматыўную ёмістасць, развіць матывацыю і творчую ініцыятыву студэнтаў.

У новым нумары электроннага часопіса «Універсітэт адукацыйных інавацый» за 2020 год прадстаўлены навукова-метадычныя артыкулы і метадычныя распрацоўкі навучальных заняткаў ад выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.