Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 12 Лістапад 2020 11:33

Больш за 50 школьнікаў Гродзенскага рэгіёну прынялі ўдзел у восеньскім сезоне «PROF-вакацый» у ГрДУ імя Янкі Купалы

24099 91Старшакласнікі пазнаёміліся з папулярнымі спецыяльнасцямі Купалаўскага ўніверсітэта, сустрэліся з прафесіяналамі з розных сфер і паўдзельнічалі ў навучальных майстар-класах і бізнес-квіз.

Прафарыентацыйныя інтэнсівы для старшакласнікаў Гродна, Слоніма, Шчучына і Скідзеля ўпершыню праходзілі ва ўніверсітэце з 3 па 5 лістапада. Адкрылі восеньскі сезон «PROF-вакацый» прадстаўнікі розных бізнес-колаў Гродзеншчыны.

Аб стварэнні інавацыйных ідэй і іх далейшым развіцці з перспектывай рэалізацыі падзялілася заснавальнік Студыі праектаў і стартапаў ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Разава. Кіраўнік студыі запрасіла рабят на бясплатныя заняткі, на якіх прадугледжаны сустрэчы з прафесіяналамі бізнесу, майстар-класы па прасоўванні ідэй, кансультацыі розных экспертаў.

Свае траекторыі адукацыйнага і прафесійнага шляху прадставілі аўдыторыі паспяховыя прадпрымальнікі Гродзеншчыны, сярод якіх, у тым ліку, выпускнікі Купалаўскага ўніверсітэта. На працягу трох дзён разам з прафесіяналамі кожны з рабят спрабаваў знайсці сваю формулу поспеху.

Вынікам сумеснай работы, на думку ўдзельнікаў, стала больш усвядомленае разуменне сваіх асабістых магчымасцяў, а таксама тых якасцяў, якія неабходныя сёння спецыялістам - гэта эфектыўныя камунікацыі, камандная праца, прэзентацыйнае майстэрства.

Як адзначыў дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Іосіф Дорняк, зусім хутка ў Купалаўскім універсітэце пройдзе зімовы сезон «PROF- вакацый».

- Мы чакаем працяг інтэнсіву, цеснае ўзаемадзеянне з профільнымі факультэтамі, сустрэчы з прафесіяналамі. Плануем, што мерапрыемствы пройдуць у online і offline фарматах.