Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 10 Лістапад 2020 15:02

Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы

rtПраверыць свае веды ў рамках першага этапу школьнікі Гродзеншчыны змогуць да 10 снежня.

 

У ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе праходзіць рэпетыцыйнае тэсціраванне, жадаючыя ўжо напісалі каля дзвюх тысяч тэстаў і актыўна працягваюць рэгістравацца. Сярод самых папулярных прадметаў - руская мова, матэматыка, англійская, гісторыя Беларусі. Дарэчы, некаторыя абітурыенты карыстаюцца тым, што для РТ прадугледжаны два варыянты па кожным прадмеце, і пішуць тэст двойчы.

Тэсціраванне на базе ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць штодня акрамя чацвярга. Рэгістрацыя заканчваецца за два дні да дня тэсціравання па прадмеце. Колькасць месцаў на кожны дзень абмежавана, аднак заўсёды ёсць магчымасць выбраць іншую зручную дату.

- Самае галоўнае, што РТ дазваляе праверыць веды, папоўніць і сістэматызаваць іх, ліквідаваць выяўленыя прабелы. Калі абітурыенты ўдзельнічаюць у другім, трэцім этапе тэсціравання, яны бачаць, як мяняецца вынік. Гэта добры інструмент для самакантролю і падрыхтоўкі да ЦТ, - адзначае намеснік начальніка рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі Ірына Шынкевіч.

Прыняць удзел у першым этапе тэсціравання можна як у Горадні, так і ў раённых цэнтрах. Акрамя таго, даступны фармат онлайн на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Убачыць свае вынікі можна ў асабістым кабінеце праз дзесяць рабочых дзён з моманту напісання тэсту. Акрамя агульнага бала абітурыенты змогуць паглядзець, якія заданні выкананы няправільна. Таксама ў асабістым кабінеце пасля 20 снежня будуць змешчаныя каментары да ўсіх заданняў тэсту з правільнымі адказамі і неабходнымі тлумачэннямі або спосабамі іх рашэння.

Па матэрыялах grodnonews.by