Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 22 Кастрычнік 2020 17:08

Прынцыпы падрыхтоўкі кантэнту для розных камунікатыўных пляцовак у сетцы Інтэрнэт абмеркавалі ўдзельнікі семінара ў ГрДУ імя Янкі Купалы

23720 91Практыка-арыентаваны семінар для супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта адбыўся 21 кастрычніка.

Прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько, адкрываючы семінар, закрануў праблему эфектыўнай і якаснай падачы інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт з пункту гледжання фарміравання самасвядомасці студэнтаў. Пры гэтым асаблівую ўвагу ў сваім выступе ён надаў формам інфармацыйнага ўздзеяння на моладзь, у прыватнасці, віртуальным інфармацыйным сродкам і каналам камунікацыі.

Начальнік аддзела электронных камунікацый цэнтра па сувязях з грамадскасцю Аляксандр Ёда распавёў пра асаблівасці найбольш папулярных сацыяльных сетак, катэгорыі іх карыстальнікаў і асноўныя правілы падачы інфармацыі для кожнага кантэнту.

З патрабаваннямі да падрыхтоўкі тэкстаў для сайта і асноўнымі аспектамі, якія варта ўлічваць пры напаўненні сайта, азнаёміла слухачоў семінара дацэнт кафедры журналістыкі Ірына Герасімчык. Яна паказала на праблемныя зоны пры падачы інфармацыі для карыстальнікаў сайта і прывяла прыклады асноўных памылак, дапушчаных пры афармленні матэрыялу на сайце.

У ходзе семінара дацэнт кафедры журналістыкі Анастасія Зязюлевіч распавяла, як правільна адаптаваць тэкст для розных акаўнтаў у сацыяльных сетках Instagram, Facebook, Вконтакте у залежнасці ад іх асаблівасцяў. Удзельнікі семінара даведаліся аб правілах паспяховай працы з акаўнтамі ў сацыяльных сетках, пра магчымасці фарміравання факультэтамі ўласнай карпаратыўнага прасторы ў сучасным лічбавым асяроддзі.

Аб правілах сеткавага этыкету пры працы ў чатах мессенджэраў Viber і Telegram распавяла загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук. Слухачам семінара было прапанавана змяніць стыль прапанаваных паведамленняў, каб ён змог зацікавіць. Сярод правілаў бяспекі былі вылучаны такія, як адмова ад крытычных заўваг, абмеркаванне прычын негатыву суразмоўцаў не ў агульным чаце, а ў асабістай перапісцы, прызначэнне адказнага за перапіску.

У рамках семінара быў арганізаваны практыкум па вядзенні онлайн-супольнасцяў у сацыяльных сетках.