Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 15 Кастрычнік 2020 15:57

Купалаўцаў запрашаюць прыняць удзел у конкурсе студэнцкіх работ у сферы інтэлектуальнай уласнасці

konkursНацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці пачынае прыём заявак на конкурс з 19 кастрычніка.

Конкурсныя заяўкі прымаюцца ад навучэнцаў каледжаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь першай і другой ступеняў адукацыі, а таксама выпускнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў, якія скончылі навучанне ў год правядзення конкурсу або ў год, які папярэднічае гэтаму. Тэрмін падачы заявак: з 19 кастрычніка 2020 года па 15 ліпеня 2021 года.

Пераможцы будуць вызначаныя ў чатырох намінацыях: лепшая магістарская дысертацыя, лепшая дыпломная праца і лепшая курсавая праца ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама лепшы артыкул у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Магістарскія дысертацыі, дыпломныя і курсавыя работы, прадстаўленыя на конкурс, павінны прайсці абарону ва ўстаноўленым парадку ў год правядзення конкурсу або ў год, які папярэднічае яму. На конкурс могуць накіроўвацца толькі раней не апублікаваныя артыкулы. Ад аднаго ўдзельніка ў адной намінацыі прымаецца толькі адна работа.

Тэматыка конкурсных работ павінна закранаць пытанні аховы, абароны і кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, эканамічныя аспекты інтэлектуальнай уласнасці, калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў, патэнтна-інфармацыйнае забеспячэнне сістэмы інтэлектуальнай уласнасці. Больш падрабязная інфармацыя аб тэматыцы работ, афармленні заяўкі на ўдзел у конкурсе і парадку прадастаўлення конкурсных работ размешчана на сайте Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

Конкурс студэнцкіх работ у сферы інтэлектуальнай уласнасці праводзіцца з мэтай прыцягнення моладзі да даследавання актуальных пытанняў прававой аховы і выкарыстання аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама прыцягнення грамадскай увагі да пытанняў камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці і фарміравання навуковага і кадравага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь для забеспячэння эфектыўнай прававой аховы і менеджменту інтэлектуальнай уласнасці.