Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 02 Кастрычнік 2020 08:45

На вернасць Універсітэту, Радзіме і Народу: урачыстую клятву прынеслі студэнты спецыяльнасці «Мытная справа» юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 9365Цырымонія прынясення клятвы студэнтамі 2 курса прайшла ў Купалаўскім універсітэце 1 кастрычніка.

На Плошчы ўніверсітэцкага сцяга ў стройныя шэрагі сталі ў форме 30 купалаўцаў - з непрыхаваным хваляваннем рабяты чакалі пачатку цырымоніі, каб у сценах Alma Mater урачыста вымавіць сваю першую клятву і словам пацвердзіць усвядомлены выбар будучай прафесіі.

Павітала і павіншавала студэнтаў і гасцей свята рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

- Вы – будучы гонар Беларусі! Вы будзеце аднымі з першых сустракаць тых, хто прыязджае ў нашу краіну. Ад Вашага прафесіяналізму, адносін да справы і ад Вашай усмешкі будзе залежыць першае ўражанне гасцей Беларусі. На студэнцкім і прафесійным шляху я шчыра жадаю Вам поспехаў, плёну, вялікага кахання да абранай прафесіі і сваёй краіны!

У ходзе мерапрыемства Ірына Кітурка таксама падкрэсліла, што падрыхтоўка будучых мытнікаў у Купалаўскім універсітэце мае асаблівае значэнне. У першую чаргу таму, што ў выпускніках адчуваюць вялікую зацікаўленасць мытныя органы краіны. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй студэнты атрымліваюць практычныя навыкі з першых дзён вучобы.

Гэта пацвердзіў і ганаровы госць мерапрыемства - начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні, Дзяржаўны саветнік Мытнай службы III рангу Андрэй Кавальчук. Ён адзначыў, што са студэнтамі супрацоўнікі мытні актыўна дзеляцца неабходнымі ведамі, а пасля завяршэння вучобы купалаўцаў чакаюць для пачатку прафесійнай дзейнасці. У якасці сімвалічнага падарунка на святочнай цырымоніі Андрэй Кавальчук паднёс юрыдычнаму факультэту і студэнтам мастацкае палатно з вобразам Гродна.

Урачыста абвясціў клятву студэнтаў спецыяльнасці «Мытная справа» стараста 2 курса Мікіта Бакун. У прысутнасці ганаровых гасцей, сваіх бацькоў і выкладчыкаў, будучыя мытнікі пакляліся быць вернымі Універсітэту, Радзіме і Народу, у вучобе прыкладаць усе намаганні для авалодання неабходнымі ведамі, выхоўваць у сабе лепшыя чалавечыя і прафесійныя якасці, быць годнымі пераемнікамі традыцый студэнцтва і мытных органаў.

Павіншаваць студэнтаў са значнай падзеяй прыйшлі студэнты 4 курса спецыяльнасці "Мытная справа" - выпускнікі 2021 года. Сваім малодшым таварышам яны пажадалі прытрымлівацца дадзенай клятвы, пастаянна ўдасканальвацца, развівацца прафесійна і годна прайсці шлях студэнцтва ў Купалаўскім універсітэце, каб у будучыні з гонарам уліцца ў шэрагі супрацоўнікаў мытных органаў роднай краіны.