Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Верасень 2020 09:04

Чэмпіянат ваенных факультэтаў па стральбе са штатнай зброі праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы

AMG 6542Удзел у Чэмпіянаце прымаюць сем каманд ваенных факультэтаў грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Гэта каманды ГрДУ імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і каманда ваенна-медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У кожнай з іх па 6 удзельнікаў, у ліку якіх не толькі курсанты, але і выкладчыкі ваенных факультэтаў.

Чэмпіянат праходзіць на працягу двух дзён, 24 і 25 верасня. Сёння на страявым плацы ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, у час якога старэйшы афіцэр I аддзела Спартыўнага камітэта Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік Вячаслаў Пятрашка пажадаў удзельнікам поспехаў і выдатных вынікаў. Затым каманды адправіліся на палігон 6-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады для ўдзелу ў спаборніцтвах, якія прадугледжваюць адпрацоўку ваенна-прыкладных навыкаў у такіх дысцыплінах як класічныя практыкаванні па стральбе з АК-3 і ПМ-3, а таксама практычнай стральбе з гэтых відаў зброі.

Спаборніцтвы з'яўляюцца штогадовымі і праходзяць у рамках спартакіяды ваенных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, дзе каманда курсантаў ГрДУ імя Янкі Купалы традыцыйна ў ліку лепшых. Так, па выніках Чэмпіянату мінулага года ў практыкаваннях па стральбе з АК-3 хлопцы заваявалі другое прызавое месца.

Як зазначыў адзін з пераможцаў Чэмпіянату мінулых гадоў, курсант ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ радавы Арцём Атвалка, дадзеныя спаборніцтвы дапамагаюць не толькі праверыць практычна навыкі ў стральбе са штатнай зброі, але таксама трэніруюць такія неабходныя для ваеннага маральныя якасці як канцэнтрацыя, ураўнаважанасць і вытрымка.

Лепшыя спартсмены па выніках спаборніцтваў прадставяць ваенныя факультэты устаноў вышэйшай адукацыі на Чэмпіянаце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.