Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 10 Верасень 2020 16:57

Мультымедыйная студыя для запісу відэалекцый створана ў ГрДУ імя Янкі Купалы

22905 1Выкладчыкаў запрашаюць скарыстацца магчымасцю стварэння відэалекцый для дыстанцыйнага навучання.

Студыя для запісу відэалекцый абсталявана на базе медыяцэнтра Купалаўскага ўніверсітэта ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі праграмы Erasmus + PRINTeL «Змены ў адукацыйным асяроддзі: прасоўванне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства». Магчымасці новай мультымедыйнай студыі дазволяць ствараць якасны адукацыйны відэакантэнт.

Як распавяла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй, ва ўніверсітэце ў адукацыйным працэсе ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. З гэтага навучальнага года стартавала падрыхтоўка спецыялістаў 1-й ступені атрымання вышэйшай адукацыі па 4-х спецыяльнасцях у дыстанцыйнай форме. Метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем ІКТ патрабуе новых падыходаў. Выкладчыкі ўніверсітэта пры распрацоўцы электронных вучэбна-метадычных комплексаў ўсё больш выкарыстоўваюць аўдыё- і відэаматэрыялы.

Скарыстацца магчымасцю запісу відэалекцый для наступнага размяшчэння на адукацыйным партале ўніверсітэта могуць усе зацікаўленыя выкладчыкі. Па арганізацыйных і метадычных пытаннях запісу відэалекцый  можна звярнуцца ў лабараторыю адукацыйных інавацый да Алега Уладзіміравіча Калягі па нумары тэлефона 8(0152) 77 05 06.