Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Верасень 2020 13:50

У Купалаўскім універсітэце адбылося ўрачыстае пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта

photo 2020 08 29 05 11 44 99Удзельнікі Савета ўніверсітэта падвялі вынікі працы ГрДУ імя Янкі Купалы ў папярэднім навучальным годзе і вызначылі задачы на будучыню.

У пачатку мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павіншавала калег з новым навучальным годам. На ідэі аб'яднання ўсіх супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта дзеля агульнай мэты - павышэння якасці адукацыі - зрабіла акцэнт Ірына Фёдараўна ў сваёй віншавальнай прамове і дакладзе. У прыватнасці, яна згадала, што адным з вынікаў мінулага навучальнага года стала стварэнне і прыняцце «Карпаратыўнага кодэкса» ГрДУ імя Янкі Купалы:

- Мы пазначылі, хто такі «купалавец», чым ён павінен кіравацца ў сваёй дзейнасці, якія каштоўнасці важныя для нас як калектыву. Прыняцце кодэкса павінна стаць значнай вехай у далейшым развіцці карпаратыўнай культуры нашага ўніверсітэта. Сам час патрабуе ад нас згуртаванасці. А згуртаваны, аб'яднаны агульнымі ідэямі калектыў працуе нашмат больш эфектыўна.

У сваім выступе Ірына Кітурка звярнула ўвагу на тое, што жыццё ставіць перад калектывам комплексныя задачы, і ўсе праекты, якія ажыццяўляліся ва ўніверсітэце ў папярэднім навучальным годзе і будуць рэалізоўвацца ў гэтым, сапраўды, носяць комплексны характар.

- Добры прыклад таму - рэалізацыя праекта "Лічбавы універсітэт +", - заўважыла рэктар. - Так, важнай яго часткай стала ўвасабленне ў жыццё ідэі стварэння лічбавай прыёмнай камісіі. Абітурыенты ўпершыню размаўлялі з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі ўніверсітэта шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, была створана электронная чарга, і, такім чынам, час оффлайн падачы дакументаў быў максімальна кароткім. Дадзены досвед працы з абітурыентамі неабходна развіваць і ў далейшым.

Ірына Кітурка таксама адзначыла, што ў мінулым навучальным годзе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў Купалаўскім універсітэце выкарыстоўваліся ў вялікім аб'ёме. Так, рэалізацыя праекта «Лічбавы універсітэт +» была актывізавана ў рамках эпідэміялагічнага становішча. Прычым добрая матэрыяльна-тэхнічная база, створаная ва ўніверсітэце раней, дазволіла перайсці да навучання студэнтаў у дыстанцыйным фармаце хутка і без праблем.

Падчас пасяджэння Савета ўніверсітэта ішла гаворка і аб далейшай падтрымцы адораных і таленавітых студэнтаў, і аб захаванні высокіх пазіцый Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў міжнародных рэйтынгах, і аб павелічэнні экспарту адукацыйных паслуг, а таксама экспарту навукаёмістай прадукцыі.

- Асаблівасць наступнага навучальнага перыяду ў тым, што гэта будзе своеасаблівы пераходны перыяд. Завяршаецца рэалізацыя палажэнняў Стратэгіі развіцця ўніверсітэта, разлічанай да 2020 года, і зусім хутка нам неабходна будзе сканцэнтравацца на распрацоўцы мэтаў і задач, якія ўвойдуць у Стратэгію на наступныя пяць гадоў, - падкрэсліла Ірына Кітурка.

Урачыстае пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта прайшло пры ўдзеле ганаровых гасцей, сярод якіх - намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык. Ганаровыя госці ўручылі работнікам універсітэта заслужаныя ўзнагароды за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці і пажадалі купалаўцам такіх жа прыкметных поспехаў у новым навучальным годзе.

- Ад імя Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі я віншую ўвесь калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з пачаткам новага навучальнага года, - сказаў намеснік Міністра адукацыі Сяргей Руды. - Ваш універсітэт сёння мае заслужаны аўтарытэт, мы цэнім высокія вынікі, якія вы нязменна дэманструеце. І спадзяемся на тое, што ўсе задачы, якія стаяць перад вамі цяпер, таксама будуць выкананы.

У рамках урачыстага пасяджэння Савета ўніверсітэта адбылося ўшанаванне супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы, якім у 2020 годзе была прысуджана вучоная ступень кандыдата навук і іх кіраўнікоў, а таксама тых супрацоўнікаў, якім было прысвоена вучонае званне.

Традыцыйна, сказаныя на дарогу словы падчас мерапрыемства, прысвечанага пачатку новага навучальнага года, прагучалі і ў адрас маладых спецыялістаў, якія папоўнілі дружны калектыў Купалаўскага ўніверсітэта. Першы прарэктар Алег Раманаў, уручаючы маладым выкладчыкам вітальныя лісты ад імя рэктара, адзначыў, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы - лепшае месца для рэалізацыі прафесійных навыкаў і крэатыўных ідэй. Ён выказаў упэўненасць у тым, што маладыя калегі з першых дзён працы ва ўніверсітэце пагрузяцца ў творчае асяроддзе. Алег Раманаў пажадаў і маладым спецыялістам, і ўсім супрацоўнікам Купалаўскага ўніверсітэта не выпускаць магчымасцяў для папаўнення багажу сваіх ведаў, удасканалення навыкаў і ўменняў, а таксама самарэалізацыі ў прафесіі.