Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 05 Жнівень 2020 11:39

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у on-line сустрэчы з літоўскімі партнёрамі праекта па інвазіўных відах раслін

22183 1Удзельнікі мерапрыемства скаардынавалі дзеянні па барацьбе з распаўсюджваннем небяспечных відаў раслін у памежным беларуска-літоўскім рэгіёне на пасяджэнні камітэта кіравання праектам.

Праект ENI-LLB-1-207 «Зніжэнне негатыўнага ўздзеяння чужародных інвазіўных відаў раслін на экасістэмы і дабрабыт чалавека ў трансгранічным рэгіёне Літва-Беларусь» рэалізуецца з 2019 года. Яго партнёрамі з'яўляюцца адміністрацыя муніцыпалітэта вобласці Варэна, адміністрацыя Дзукійскага нацыянальнага парку і Чэпкеляйскага прыроднага запаведніка, а таксама Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры».

Удзельнікамі праекта ўжо створана спецыяльная інтэрнэт-анкета, прызначаная для збору дадзеных аб распаўсюдзе на прымежнай тэрыторыі такіх небяспечных відаў раслін, як баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, сумнік гіганцкі, ірга каласістая, лубін шматліставы і іншыя. Усяго ў спісе інтэрнэт-анкеты 20 відаў небяспечных раслін. Вэб-карта распаўсюджвання інвазіўных відаў раслін, якія прадстаўляюць пагрозу біяразнастайнасці, сельскай і лясной гаспадарцы памежжа, а таксама здароўю людзей рэгіёну, працягвае папаўняцца.

План далейшых дзеянняў у рамках рэалізацыі праекта ENI-LLB-1-207 «Зніжэнне негатыўнага ўздзеяння чужародных інвазіўных відаў раслін на экасістэмы і дабрабыт чалавека ў трансгранічным рэгіёне Літва-Беларусь» партнёры абмеркавалі падчас сустрэчы ў рэжыме on-line. Прадстаўнікі двух бакоў прынялі канструктыўныя рашэнні па пытаннях, што тычацца метадаў і ўчасткаў па ліквідацыі мадэльных інвазіўных відаў. Было вырашана таксама ў бліжэйшы час правесці семінары для мясцовых супольнасцяў, у тым ліку для насельніцтва і спецыялістаў.