Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Ліпень 2020 14:35

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўрачыста ўручылі сертыфікаты ЦТ лепшым абітурыентам

IMG 1880Найвышэйшы вынік па выніках цэнтралізаванага тэсціавання сёлета ў 38 абітурыентаў Гродзенскай вобласці.

 

У першы дзень выдачы сертыфікатаў ЦТ у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы дакументы са стобальным вынікам абітурыентам па традыцыі ўручылі ва ўрачыстай абстаноўцы. Цырымонія прайшла з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслана Абрамчыка і першага прарэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Алега Раманава.

- Хочацца пажадаць лепшым абітурыентам нашай вобласці поспеху і ў далейшым, бо ім трэба будзе зараз зрабіць сур'ёзны выбар - выбар прафесіі, - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. - Наперадзе прыёмная кампанія, а вось этап правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ўжо пройдзены і, варта адзначыць, што пройдзены паспяхова. Хачу падзякаваць педагогам, якія былі задзейнічаны ў арганізацыі ЦТ. Дзякуючы іх суладнай і кампетэнтнай працы тэсціраванне прайшло паспяхова. І, вядома, хачу адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў. Бо ў гэтым годзе ў нас больш стобальных вынікаў, чым у мінулым.

Адным з самых прыкметных удзельнікаў урачыстага мерапрыемства стаў абітурыент з двума стобальнымі вынікамі. Андрэй Гайдук найвышэйшы бал атрымаў па выніках тэсціравання па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. Над пытаннем пра выбар сваёй будучай прафесіі ён доўга не думаў, вырашыўшы паступаць на гістарычны факультэт. Праўда, універсітэт, у які Андрэй аднясе дакументы, як толькі стартуе прыёмная кампанія, ён пакуль трымае ў сакрэце.

Затое Яўгеній Занеўскі, у якога 100 балаў па матэматыцы, 91 па англійскай і 88 па рускай мове, з выбарам установы вышэйшай адукацыі вызначыўся даўно. Ён будзе ў ліку першых абітурыентаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

- Яшчэ ў мінулым годзе вырашыў, што буду паступаць у Купалаўскі ўніверсітэт. Буду падаваць дакументы на факультэт матэматыкі і інфарматыкі ў першы ж дзень працы прыёмнай камісіі, - падзяліўся сваімі планамі Яўгеній Занеўскі.

У тым, што лепшыя абітурыенты, паступіўшы ў ГрДУ імя Янкі Купалы, могуць разлічваць на далейшае развіццё сваіх талентаў і падтрымку з боку кампетэнтных выкладчыкаў, у сваю чаргу, запэўніў удзельнікаў урачыстага мерапрыемства першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Алег Раманаў.

- Мы чакаем вас у сценах нашага ўніверсітэта, дзе вы зможаце працягваць адукацыю на вельмі высокім узроўні. У ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуецца канцэпцыя падтрымкі таленавітай моладзі, у нас створаны дадатковыя ўмовы для развіцця лепшых студэнтаў, - адзначыў Алег Раманаў. - Найвышэйшы вынік па выніках ЦТ - гэта ваша першая вялікая перамога. Гэта добры пачатак, які, напэўна, надасць вам упэўненасці ў сваіх сілах. У вас наперадзе яшчэ шмат перамог, якія прывядуць вас да прафесійных поспехаў.

24 ліпеня пачалася выдача сертыфікатаў удзельнікам ЦТ 2020 года. Як распавяла начальнік Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Валюк, у гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці пісалі тэсты больш за 5 тысяч абітурыентаў. Уступныя выпрабаванні прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, без парушэнняў. Наступны этап уступнай кампаніі - прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь - стартуе 25 ліпеня. Падаць дакументы для навучання на бюджэтнай аснове можна да 31 ліпеня, на платнай - да 15 жніўня.