Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 24 Ліпень 2020 10:46

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол удзельнікаў праекта «Рэспубліканскі маладзёжны цягнік # Беларусь. Моладзь. Натхненне»

IMG 1754Удзельнікі стылізаванага чыгуначнага саставу, які падарожнічае па Беларусі, падвялі вынікі насычанага падзеямі дня ў Гродне.

Пасажыры цягніка падчас свайго знаходжання ў Гродне і рэгіёне прынялі ўдзел у велапрабегу ў ваколіцах Аўгустоўскага канала, наведалі фартыфікацыйныя збудаванні 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна, правялі адкрыты дыялог з кіраўніцтвам горада і вобласці ў моладзевым цэнтры "Гродна", заклалі алею з туй ў Гродзенскім заапарку і арганізавалі фізкультурна-аздараўленчае мерапрыемства ў аквацэнтры. Вынікі дня ўдзельнікі моладзевага праекта падвялі падчас круглага стала «Малады спецыяліст: учора і сёння», які прайшоў на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. Ён адзначыў, што гэты моладзевы праект вельмі важны.

- Праехаўшы па ўсёй Беларусі, пабываўшы ў розных гарадах краіны, вы будзеце лепш ведаць, чым жыве наша маладая суверэнная рэспубліка сёння, - сказаў Алег Раманаў. - Упэўнены, што гэтае падарожжа, зносіны з аднадумцамі станеуць для вас каштоўным жыццёвым вопытам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, звяртаючыся да ўдзельнікаў моладзевага праекта, падзякаваў ім за цікавыя зносіны, энтузіязм і шчырае жаданне рабіць сваю краіну лепшай.

- Любіце сваю краіну, бо менавіта ад вас, прадстаўнікоў маладога пакалення, залежыць яе будучыня, - адзначыў Ігар Булаўка.

Падчас сустрэчы ў Купалаўскім універсітэце ўдзельнікі мерапрыемства пагаварылі пра перспектывы развіцця вышэйшай адукацыі, новых падыходах у навучанні, аб падтрымцы маладых спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны. На актуальныя для сучаснай моладзі тэмы выказаліся студэнты, маладыя спецыялісты, прадстаўнікі грамадскіх і спартыўных аб'яднанняў, парламентарыі і валанцёры.

Праект «Рэспубліканскі маладзёжны цягнік # Беларусь. Моладзь. Натхненне» стартаваў 18 ліпеня падчас Дня моладзі на XXIX фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У падарожжа па краіне адправіліся 90 маладых людзей з розных куткоў Беларусі, якія ўжо пабывалі ў шасці гарадах нашай рэспублікі і пазнаёміліся з галоўнымі славутасцямі Віцебска, Шклова, Магілёва, Гомеля, Пінска, Брэста. Чарговы прыпынак на маршруце 23 ліпеня стылізаваны чыгуначны састаў здзейсніў у Гродне. Далей удзельнікі праекта адправіліся ў Маладзечна і Мінск.