Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 22 Чэрвень 2020 17:36

Пераможцаў персанальнага конкурсу сярод студэнтаў-даследчыкаў вызначылі ў Купалаўскім універсітэце.

20141 1У ГрДУ імя Янкі Купалы сталі вядомыя імёны лаўрэатаў унутрыўніверсітэцкага персанальнага штогадовага конкурсу студэнтаў-даследчыкаў.

Дыпломамі I катэгорыі і грашовымі прэміямі ў памеры 216 рублёў узнагароджаны магістрантка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Вікторыя Мядзведзева і курсант 3 курса ваеннага факультэта Ігар Барысевіч. Дыпломамі II катэгорыі грашовымі прэміямі ў памеры 162 рублёў адзначаны студэнтка 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Платава і студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч. Конкурсная камісія вызначала пераможцаў на падставе вынікаў экспертызы заявак, пададзеных да ўдзелу ў конкурсе.

Варта адзначыць, што персанальны конкурс студэнтаў-даследчыкаў праводзіцца пад эгідай студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта і накіраваны на актывізацыю навукова-даследчай работы студэнтаў універсітэта, вылучэнне і заахвочванне найбольш таленавітых маладых навукоўцаў. У конкурсе прымаюць удзел студэнты, якія маюць дасягненні ў прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, высокую акадэмічную паспяховасць, што праявілі грамадзкую актыўнасць.

Конкурс праводзіцца ў тры этапы. На першым ажыццяўляецца конкурсны адбор і вылучэнне кандыдатур студэнцкімі навуковымі кружкамі кафедраў і студэнцкімі навуковымі таварыствамі факультэтаў на падставе рэкамендацый навуковых кіраўнікоў. На другім этапе вылучаныя кандыдатуры разглядаюцца радамі факультэтаў, на трэцім удзельнікі займаюцца афармленнем неабходных дакументаў.

Каб стаць удзельнікам конкурсу, студэнту неабходна прадаставіць свае навуковыя дасягненні: звесткі аб апублікаваных навуковых працах, аб удзеле ў студэнцкім навуковым таварыстве, узнагародах і заахвочваннях за вынікі навукова-даследчай працы, аб удзеле ў навукова-даследчых гасдагаворных і дзяржбюджэтных тэмах, праектах, гранты, аб удзеле з дакладам у навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах. Таксама неабходна ўказаць свае перамогі ў міжнародных, рэспубліканскіх і ўніверсітэцкіх студэнцкіх навуковых конкурсах і студэнцкіх алімпіядах, навуковыя стажыроўкі, атрыманне патэнта на навукова-тэхнічнае вынаходніцтва, укараненне вынікаў уласных навуковых даследаванняў у навучальны план або вытворчы працэс, аформленае актам. Пры падліку вынікаў улічваецца і сярэдні бал акадэмічнай паспяховасці за апошнія два семестра.