Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 19 Чэрвень 2020 10:23

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у нацыянальным онлайн-семінары «Павышэнне якасці і практыка-арыентаванасці вышэйшай адукацыі: з вопыту рэалізацыі праектаў Erasmus +»

21227 3Удзельнікі семінара абмеркавалі пытанні рэалізацыі міжнародных праектаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны і асаблівасці ўкаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Сярод удзельнікаў семінара - намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі - начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Ліпа, каардынатар Праграмы "Erasmus +" у Рэспубліцы Беларусь Аксана Мініч, каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Таццяна Пранько.

Купалаўскі ўніверсітэт на нацыянальным онлайн-семінары прадстаўлялі начальнік вучэбнага аддзела Анатоль Багдзевіч і начальнік вучэбна-метадычнага аддзела па кіраванні якасцю адукацыі Дар'я Шпак. Яны падзяліліся вопытам выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у ГрДУ імя Янкі Купалы і распавялі пра тое, як праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў нашым універсітэце спрыяюць укараненню сучасных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс.

Дарэчы, на сённяшні дзень на базе вучэбна-метадычнага ўпраўлення Купалаўскага ўніверсітэта рэалізуюцца два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Гэта праект «Змены ў адукацыйным асяроддзі: прасоўванне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства» (PRINTeL), закліканы садзейнічаць развіццю спецыяльных кампетэнцый студэнтаў і работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, выкарыстання сучасных метадаў распрацоўкі і кіравання міжнароднымі праектамі, эфектыўнага ўдзелу ў міжнародных адукацыйных праграмах.

А таксама праект «Павышэнне якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах» (UniTeLE), накіраваны на павелічэнне ўзроўню паспяховасці студэнтаў падчас навучання і будучай працоўнай дзейнасці шляхам паляпшэння ўнутранага забеспячэння якасці выкладання.