Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 17 Чэрвень 2020 12:44

У ГрДУ імя Янкі Купалы пачалася выніковая атэстацыя

21095 3Амаль 2500 купалаўцаў атрымаюць дыпломы аб вышэйшай адукацыі і дыпломы магістраў ў 2020 годзе.

Выніковая атэстацыя ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзіць ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася. Так, для спецыяльнасцяў, па якіх у чэрвені 2020 года не праводзіцца дзяржаўных экзаменаў, абарона прац, як правіла, арганізуецца выдалена з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Абавязковыя ўмовы - візуалізацыя студэнта і запіс працэдуры абароны.

- Частка выпускнікоў здала дзяржэкзамены ў сакавіку, таму летам праходзіць толькі абарона дыпломных праектаў і магістарскіх дысертацый, - распавяла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй. - Каб мінімізаваць перамяшчэнне студэнтаў, у тым ліку паміж гарадамі, было прынята рашэнне праводзіць іх з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Па сутнасці, змяняецца толькі механізм зносін, але ніяк не сам падыход да абароны працы і яе ацэнкі.

Першымі, хто 15 чэрвеня абараняў свае магістарскія дысертацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, сталі замежныя студэнты юрыдычнага факультэта. Магістранты спецыяльнасцяў «Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці» і «Прававое забеспячэнне гаспадарчай дзейнасці», выкарыстоўваючы магчымасці адукацыйнай платформы, прэзентавалі перад дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй вынікі сваіх даследаванняў.

Варта адзначыць, што для абароны дыпломных работ і магістарскіх дысертацый з выкарыстаннем ІКТ, выпускнікі падаюць свае работы ў электронным выглядзе на кафедру загадзя. Пасля гэтага - праверка ў сістэме «Антыплагіят» і ацэнка рэцэнзентам. Дзяржаўная экзаменацыйная камісія працуе ў аўдыторыях. Калі ў студэнта няма магчымасці прайсці абарону з выкарыстаннем ІКТ, ён можа прысутнічаць асабіста.