Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 10 Чэрвень 2020 12:10

Студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Мохань стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу эсэ

zolotoe peroПадведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу работ маладых журналістаў «Залатое пяро «Белай Русі»-2020».

Студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму спецыяльнасці «Журналістыка» Віктар Мохань прадставіў на конкурс эсэ «Не раскрывай жа таямніц сваіх» у намінацыі «Студэнт».

- Калі даведаўся пра тэму конкурсу - "Легенды і міфы Беларусі", то адразу захацеў напісаць пра Гродна, - распавёў Віктар. - Яшчэ ў школе на курсе «Гродназнаўства» з задавальненнем чытаў пра тыя легенды, якімі так славіцца каралеўскі горад. Цудоўнае выратаванне князя Вітаўта, загадкавая смерць Стэфана Баторыя, цэлы падземны лабірынт пад цэнтрам горада - гэта толькі вярхушка айсберга. Мне здаецца, менавіта яны надаюць Гродна тую  непаўторную прывабнасць, якая губляецца, калі легенда становіцца гістарычным фактам.

Усяго за перамогу на рэспубліканскім этапе ў чатырох намінацыях - «Навучэнец», «Студэнт», «Аматар» і «Прафесіянал» - змагаліся 23 аўтара. Гэта вучнёўская і працоўная моладзь, а таксама маладыя карэспандэнты раённых, гарадскіх газет, тэлебачання, Інтэрнэт-сайтаў ва ўзросце да 35 гадоў. Журы конкурсу ацэньвала працы на адпаведнасць жанравым крытэрам, новыя, арыгінальныя метады падачы матэрыялу, а таксама мастацкі ўзровень твора.

Конкурс праводзіцца з мэтай прыцягнення да дзейнасці аб'яднання і рэспубліканскіх / рэгіянальных СМІ найбольш таленавітых і здольных прадстаўнікоў моладзевага журналісцкага асяроддзя. Яго арганізатарамі выступілі РГА «Белая Русь» сумесна з Беларускім саюзам журналістаў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэдакцый рэспубліканскіх СМІ.