Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Лістапад 2015 17:06

Новыя выхаваўчыя тэхналогіі абмяркоўвалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы на семінары «Традыцыі і інавацыі ў выхаванні студэнцкай моладзі»

12421 2У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 11 лістапада 2015 года прайшоў чарговы семінар для маладых спецыялістаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, якія складаюцца ў перспектыўным кадравым рэзерве нашай ВНУ. У гэты раз сустрэча была прысвечана новым выхаваўчым тэхналогіям.

Адкрыў семінар прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Васільевіч Сянько, адзначыўшы ўзаемасувязь навучальнага, навуковага і выхаваўчага працэсаў. «Добрае выхаванне ўплывае на каштоўнасныя ўстаноўкі моладзі, на яе эмацыйную сферу і фарміраванне грамадзянскай пазіцыі. Мы правялі ў нашым універсітэце апытанне і высветлілі, што вельмі важную ролю ў выхаванні студэнтаў адыгрывае асоба выкладчыка», - падкрэсліў Васілій Васільевіч.

Дацэнт кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Таццяна Міхайлаўна Прудко прадставіла праект «Новыя тэхналогіі ў патрыятычным выхаванні моладзі», які стаў пераможцам на рэспубліканскім форуме моладзевых праектаў. Ідэю, звязаную з ваеннай тэматыкай, распрацавалі і ўвасобілі ў жыццё студэнты педагагічнага факультэта пад кіраўніцтвам Таццяны Міхайлаўны. У аснове праекта ляжаць тэхналогіі каляровых і гукавых асацыяцый: студэнты вызначылі, з якімі кветкамі і гукамі ў іх суадносіцца Вялікая Айчынная вайна. Так, у рамках такога даследавання быў знойдзены шэраг цікавых і яркіх фактаў. «Праз незвычайныя факты можна лёгка наблізіць маладых людзей да гісторыі, прышчапіць ім пачуццё патрыятызму», - завяршаючы выступленне, адзначыла Таццяна Міхайлаўна.

Пра псіхолага-педагагічнае тэсціраванне як форму рэалізацыі індывідуальнага падыходу ў навучанні і выхаванні распавяла начальнік сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ЦАЗ Таццяна Сяргееўна Лукашэвіч. Так, у купалаўскім універсітэце было праведзена трохэтапнае псіхалагічнае тэсціраванне, у рамках якога супрацоўнікі СППС вывучалі ўзровень трывожнасці, агрэсіі, дэпрэсіі ў студэнтаў-першакурснікаў, вызначалі іх лідарскія якасці, тэмперамент і г.д. Таццяна Сяргееўна падкрэсліла, што такі эксперымент дазволіў выявіць, якім чынам неабходна праводзіць адаптацыю першакурснікаў да новых для іх студэнцкіх рэаліяў.

У дакладзе «Інавацыйныя выхаваўчыя тэхналогіі» дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Марына Уладзіміраўна Салтыкова-Валковіч прадставіла інфармацыю аб тым, як падключыць студэнтаў да дыскусій і актыўнай працы на вучэбных занятках.

У канцы сустрэчы прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Васільевіч Сянько заклікаў маладых спецыялістаў пераймаць вопыт старэйшага пакалення ў выхаванні студэнцкай моладзі, актыўна ўкараняць яго ў навучальны працэс і распрацоўваць новыя праекты.